МІНЕРА́ЛЬНА-СЫРАВІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫ другасныя,

адходы перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў, якія могуць выкарыстоўвацца ў розных галінах. нар. гаспадаркі. Адходы горназдабыўной, хім. прам-сці, сланцаперапрацоўкі, буравугальнай вытв-сці, чорнай і каляровай металургіі — каштоўная сыравіна для прам-сці буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў і інш. Напр., пры перапрацоўцы сільвінітавых руд Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей штогод утвараецца каля 30 млн. т цвёрдых галітавых адходаў і 2,5 млн. т вадкіх глініста-салявых шламаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў дарожна-эксплуатацыйнай, гарнаруднай прам-сці, пасля дадатковай апрацоўкі — для вытв-сці кухоннай, кармавой і тэхн. солей, хлору, соды. Гл. таксама Мінеральныя рэсурсы, Мінеральная сыравіна.

В.​А.​Ярмаленка.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.

Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыі Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл. Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш. Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн. кВт гадз электраэнергіі за год.

На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх. ч. краіны. Буд-ва ГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн. м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн. м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд. м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн. м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

разнавіднасць гідралагічных заказнікаў, прызначаных для захавання і аднаўлення каштоўных у навук. адносінах азёраў і прылеглых да іх прыродных комплексаў. На тэр. азёрных заказнікаў Беларусі забаронены забор вады для гасп. мэтаў, скідванне сцёкавых водаў і бытавых адходаў, правядзенне гідрамеліярац. работ, прамысл. лоў рыбы, знішчэнне прыбярэжнай і воднай расліннасці, турызм і інш. формы арганізаванага адпачынку, выкарыстанне і мыццё маторнага транспарту, узворванне зямель у прыбярэжнай паласе. На тэр., што прылягаюць да азёрных заказнікаў, могуць забараняцца правядзенне гасп. работ, размяшчэнне новых і функцыянаванне наяўных прадпрыемстваў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на стан прыроднага комплексу заказніка. На Беларусі 7 азёрных заказнікаў, усе ў Віцебскай вобл.: Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Рычы, Сосна.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі,

спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНА́Т (позналац. combinatus злучаны ад combino злучаю),

1) прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі тэхналагічна звязаных паміж сабой спецыялізаваных вытв-сцей. Асн. іх прыкметы: аб’яднанне разнастайных вытв-сцей, іх прапарцыянальнасць, тэхніка-эканам. і вытв. адзінства. Грунтуюцца на паслядоўнай перапрацоўцы сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі, выкарыстанні адходаў вытв-сці для выпрацоўкі інш. відаў прадукцыі або на комплекснай перапрацоўцы сыравіны На Беларусі працуюць шынны, сілікатных вырабаў, камвольны, цэлюлозна-папяровы і інш. К. Некаторыя з іх з’яўляюцца аб’яднаннямі.

2) Адм. аб’яднанне не звязаных тэхналагічна прадпрыемстваў адной галіны (напр., у вугальнай прам-сці), дробных вытв-сцей, мясц. прам-сці (райпрамкамбінат), прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, вучэбных фарміраванняў (вучэбны К.) Гл. таксама Камбінаванне ў вытворчасці.

І.​І.​Пішч.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).

Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЫ́,

прадукты расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і хім. паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёлы. Паводле паходжання падзяляюцца на раслінныя кармы, жывёльныя кармы, камбікармы, мінеральныя кармы, адходы тэхн. і харч. вытв-сці, сінтэтычныя прэпараты, біялагічна актыўныя дабаўкі. Пажыўнасць К. ацэньваюць у кармавых адзінках. З кармавых адходаў тэхн. вытв-сці найб. каштоўныя адходы мукамольнай (вотруб’е, мучны пыл), цукр. (жамерыны, мелес), алейнаэкстракцыйнай (макуха, шрот), крухмальнай (мязга), брадзільнай (брага, піўная шраціна) прам-сці. Сінтэтычныя прэпараты атрымліваюць шляхам хім. і мікрабіял. сінтэзу. Да іх належаць заменнікі кармавога пратэіну, кармавыя дрожджы, кармавы канцэнтрат L-лізіну, DL-метыянін. Біялагічна актыўныя дабаўкі — прадукты з высокай біял. актыўнасцю, якія выкарыстоўваюць у малых дозах: солі мікраэлементаў, вітамінныя, ферментныя і гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, транквілізатары.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

1) касмічнага карабля — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемазалежных біял. і тэхн. сістэм ці аб’ектаў. Напр., бартавая біятэхнічная сістэма касм. карабля складаецца з падабранага ў залежнасці ад прызначэння і працягласці палёту біякомплексу і тэхн. сродкаў для забеспячэння аптымальных умоў яго функцыянавання.

У склад біякомплексу ўваходзяць спец. падабраныя ніжэйшыя і вышэйшыя расліны, жывёлы, мікраарганізмы, здольныя выдзяляць кісларод, утылізаваць адходы жыццядзейнасці чалавека, ажыццяўляць узнаўленне прадуктаў харчавання. Удзельнікам біякомплексу з’яўляецца і сам чалавек. Да тэхн. сродкаў адносяцца падсістэмы святло- і энергазабеспячэння, тэрмарэгулявання, блокі рэгенерацыі паветра і вады, мінералізацыі адходаў, касм. аранжарэя, кухня і інш. Біятэхнічная сістэма касм. карабля з’яўляецца замкнутай, калі яна цалкам забяспечвае экіпаж кіслародам, вадой і ежай.

2) Найпрасцейшыя біятэхнічныя сістэмы: электрастымулятар сэрца, маніпулятар для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, біяпратэзы.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),

перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.

У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)