утылізацыя адходаў

т. 16, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,

разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Я.В.Малашэвіч.

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГО́НЬ (франц. vigogne),

1) рыхлая пушыстая пража з сумесі бавоўны ці яе адходаў і шарсцяных ачоскаў.

2) Тканіна з такой пражы.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ГАРБА́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Створана ў 1970 у Мінску на базе галаўнога прадпрыемства Мінскага гарбарнага з-да «Бальшавік» (засн. ў 1895 як гарбарныя майстэрні), Мінскага скурсыравіннага і Смілавіцкага гарбарнага з-даў. У 1927—70 гарбарны з-д «Бальшавік». У 1962 уведзены ў дзеянне клеяварны цэх, у 1963—3-я хромавая вытв-сць, у 1970 рэканструяваны і перааснашчаны. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц. т-ва «М.в.г.а.». У 1988 прадпрыемства пераведзена ў пас. Гатава Мінскага р-на на новыя вытв. пляцоўкі; складаецца з вытв-сці першаснай апрацоўкі скурсыравіны, цэхаў: зольна-дубільнага, фарбавальна-апрацоўчага, перапрацоўкі адходаў вытв-сці і дапаможных. Асн. прадукцыя (1999): хромавы скуртавар для верху абутку, галантарэі, мэблі і лёгкадрапіравальны (для адзення); з адходаў вытв-сці: клей мяздровы, малярны, мыла гаспадарчае.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.А.Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВА́Л,

насып з глебы, парод і адходаў, утвораны ў выніку раскрыўных ці інш. адвальных работ пры распрацоўцы карысных выкапняў, буд-ве каналаў і інш. Можа займаць спец. адведзеныя пляцоўкі ці адмоўныя формы рэльефу (яры, лагчыны і інш.). Пасля распрацоўкі радовішчаў або заканчэння інш. работ павінны знішчацца ці праходзіць стадыю рэкультывацыі ў прыродаахоўных мэтах.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАПАРЫ́Т,

штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ ФА́БРЫКА СУВЕНІ́РАЎ.

Створана ў 1952 у г. Брэст як цэх па выкарыстанні адходаў Брэсцкай мэблевай ф-кі. З 1960 ф-ка цацак, з 1965 Брэсцкая фабрыка сувеніраў. У 1993 пабудаваны цэх па выпуску маст. мэблі. Асн. прадукцыя (1995); лялькі-матрошкі, шкатулкі інкруставаныя і размаляваныя, кантэйнеры для хлеба, сальніцы, апрацоўчыя дошкі, шахматы, шашкі, саламяныя латкі, цукерніцы, кошыкі.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНА́Я МУКА,

бялковы канцэнтраваны корм. Атрымліваюць высушваннем і размолам адходаў ад забою жывёл, перапрацоўкі мяса (напр., вантробы, абрэзкі мяса) і вырабу мясных экстрактаў. Мае да 12% вады, 60—80% пратэіну, 8—10% тлушчу, 1,5—12,5% попелу, вітаміны групы В і інш. Хутка псуецца. Скормліваюць свінням і птушкам у сумесі з інш. кармамі, уключаюць у камбікармы. Часцей выкарыстоўваецца мяса-касцявая мука.

Л.Л.Галубкова.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)