працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧКА (Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),
князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ (Бірута Альфонсаўна) (11.6.1916, Вільня — 21.4.1996),
бел. актрыса. Сястра Г.А.Дакальскай. Вучылася ў Мінскім муз. тэхнікуме (1932—34). З 1935 у Бел. т-ры рабочай моладзі, у 1937—78 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Асаблівае месца ў яе творчасці займала роля Паўлінкі ў аднайм. п’есе Я.Купалы (сыграла яе больш за 450 разоў). Выконвала ролі дзяўчынак і падлеткаў, маладых дзяўчат, пазней характарныя, у якіх выявіла сапраўдны драматызм і выразную пластыку: Таццяна («Салавей» З.Бядулі), Марыля («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Тэкля («Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча), Сцепаніда Моўчан («Амністыя» М.Матукоўскага), Дар’я («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Жонка гаспадара лазні («Характары» В.Шукшына), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.Себасцьяна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),
полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,
сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.Л.Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.Радоцкім і С.Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Лянтоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМО́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (15.9.1804, с. Багуславец Залатаношскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 4.12.1873),
украінскі прыродазнавец, гісторык, філолаг і фалькларыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Маскоўскі ун-т (1823), з 1826 выкладаў у ім (з 1833 праф.). У 1834—41 праф. Кіеўскага ун-та, адначасова ў 1834—35 яго першы рэктар. З 1845 жыў і працаваў у маёнтку Міхайлава Гара (цяпер с. Прохараўка Палтаўскай вобл.). Працы па прыродазнаўстве, філалогіі, гіст. геаграфіі, гісторыі Украіны і Кіеўскай Русі. У творах «Адкуль пайшла Руская зямля» (1837), «Гісторыя старажытнай рускай славеснасці» (1839), «Пра паходжанне варага-русаў» (1841) крытыкаваў нарманскую тэорыю паходжання стараж.-рус. дзяржаўнасці, даказваў агульнасць паходжання рус., укр. і бел. народаў. Выдаў 3 зб-кіўкр.нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора! Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),
1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:
Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету — Зямля мая,
Зялёнае гняздо, Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)
Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.
2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,
бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл.Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн.Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс.чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б.ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс.чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял.кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм.зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял.кн. літоўскіх.