БРЭ́ДЭЛЬ
(Bredel) Вілі (2.5.1901, г. Гамбург, Германія — 27.10.1964),
нямецкі пісьменнік, прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Прэзідэнт АМ ГДР (з 1962). Удзельнік Гамбургскага паўстання 1923. У 1933—34 вязень фаш. канцлагера, адкуль уцёк. У 1934—45 у эміграцыі (Прага, Масква). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (1937—39). Яго палітычна завостраныя раманы «Машынабудаўнічы завод Н. і К» (1930), «Розенгофская вуліца» (1931, бел. пер. 1933), «Выпрабаванне» (1935, бел. пер. 1937), «Ад Эбра да Волгі» (1939—48), трылогія «Родныя і знаёмыя» (1941—53) і інш. прысвечаны антыфаш. і антываен. змаганню, а таксама жыццю рабочых у ГДР. На бел. мову творы Брэдэля перакладалі В.Вольскі, К.Даўкша, В.Сёмуха і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Ад Эбра да Волгі;
Тры сустрэчы. Мн., 1959;
рус. пер. — Избранное. М., 1972.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 3, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)