МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс.чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.С.Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК (Papaver),
род кветкавых раслін сям. макавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: аргемона (P. argemone), няпэўны (P. dubium), самасейка, або відук (P. rhoeas). Трапляюцца як пустазелле на палях, каля дарог. Культывуецца М. снатворны (P. somniferum). 5 інтрадукаваных: М. амурскі (P. anomalum), ападаючы (P. fugax), голасцябловы (P. nudicaule), прыкветкавы (P. bracteatum), усходні (P. orientale).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна карэнішчавыя расліны з млечным сокам. Лісце перыстарассечанае або перыстараздзельнае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах, чырв., белыя, светла-фіялетавыя ці жоўтыя. Плод — каробачка. З няспелых каробачак М. снатворнага атрымліваюць опіум (загусцелы млечны сок, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці лекаў, напр., кадэін, марфін, папаверын, і наркотыкаў), з насення — тэхн. алей. Лек., харч., алейныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),
комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗААПА́РК.
Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс.ж. (2000).
Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц.мінер. сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м.Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 ммза год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ДА, Нявідава,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай звоз.Вял. Белянок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РКІН (Навум Саламонавіч) (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед, ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.С.Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі П з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе зБССР. У склад абранага ЦККПЗБ увайшлі С.А.Дубовік (Балюк), А.Буксгорн (Юльскі), С.А.Мертэнс (Скульскі), С.Т.Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.