АКТЫНО́ІДЫ,
актыніды, сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат.н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙104 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.
Літ.:
Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;
Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;
Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)