КАЛІМАНТА́Н (Kalimantan),

Барнео, востраў у Малайскім архіпелагу, найбольшы з Вялікіх Зондскіх астравоў. Большая ч. вострава ўваходзіць у склад Інданезіі, на Пн частка тэр. Малайзіі (штаты Саравак і Сабах) і султанат Бруней. Абмываецца морамі Паўд.-Кітайскім, Сулу, Сулавесі, Яванскім, пралівамі Макасарскім і Карымата. Пл. 734 тыс. км², з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс. км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 1100 км. Нас. 9,1 млн. чал. (1990). Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала. Рэльеф пераважна горны. У цэнтр. ч. і на ПнУ глыбавыя нагор’і (г. Кінабалу 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах Пд і 3 нізіны. Геал. будову К. складаюць на ПнЗ стараж. дамезазойская Зондская платформа, на Пд і У кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жал. і поліметал. руд. Клімат экватарыяльны. Т-ра на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найб. Капуас, Барыта, Махакам), у верхняй ч. парожыстыя, з вял. запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя. Значная ч. вострава занята экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да выш. 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фауны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і інш. малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).

М.В.Лаўрыновіч.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)