ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),
дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
т. 5, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав. ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЧАК ((Dubček) Аляксандр) (27.11.1921, Угровец, Славакія — 7.11.1992),
чэшскі і славацкі паліт. дзеяч. У 1929—38 разам з бацькамі жыў у СССР. З 1939 чл. кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ). Удзельнік славацкага нацыянальнага паўстання 1944. Чл. ЦК (1958—70) і Палітбюро (1963—69) КЛЧ. У 1963—68 1-ы сакратар ЦК кампартыі Славакіі. У студз. 1968 — крас. 1969 1-ы сакратар ЦК КПЧ, кіраўнік рэфарматарскага крыла партыі (ідэя «сацыялізму з чалавечым тварам»), ініцыятар «пражскай вясны». Пасля ўводу войск Варшаўскага дагавору ў Чэхаславакію (жн. 1968) пад націскам сав. парт. і дзярж. кіраўніцтва пагадзіўся спыніць ліберальныя пераўтварэнні («маскоўскае пагадненне»). У 1970 выключаны з партыі. З 1989 чл. «Грамадзянскага форуму». Палітычна рэабілітаваны ў выніку «аксамітнай рэвалюцыі» 1989. Дэп. Федэральнага сходу (парламента) у 1951—54, 1960—69 і з 1989, яго старшыня ў 1989—92. Удзельнік руху «Грамадства супраць насілля» (1989—91). у 1992 старшыня С.-д. партыі Славакіі. Загінуў у аўтакатастрофе. Аўтар успамінаў «Жыццё за свабоду» (апубл. ў 1993).
т. 6, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРМУ́НЫ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ліда—Вільнюс (Літва). Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Кастрычнік». За 16 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 107 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Бастуны. 671 ж., 273 двары (1997).
Вядомы з пач. 15 ст. як родавы маёнтак Бутрымаў. У канцы 15 — пач. 20 ст. ўласнасць Мантоўтавічаў, Радзівілаў, Завішаў, Тышкевічаў, Шванебахаў. На карце Т.Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У пач. 20 ст. — 323 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Радунскім р-не, з 1959 у Воранаўскім р-не. У 1971—587 ж., 198 двароў. Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (1789). Помнік сав. актывістам.
т. 6, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІН,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Барысаў—Плешчаніцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і 33 км ад чыг. ст. Барысаў, 76 км ад Мінска. 834 ж., 328 двароў (1997).
У 16 ст. мястэчка ў Барысаўскім старостве ВКЛ, уладанне Кішкаў, потым Саковічаў, Храптовічаў. З 1793 у Рас. імперыі. У 1865 цэнтр. воласці Барысаўскага пав. У 1885—110 ж., 15 двароў, валасная ўправа, 2 царквы, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, бальніца. З 1924 цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета. З 1927 у Барысаўскім р-не. У ліп. 1941 — чэрв. 1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія расстралялі туг 927 чал. У вер. 1943 у З. адбыўся Зембінскі бой 1943. У 1971 у З. 942 ж., 294 двары.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл (1809) і царква (2-я пал. 19 ст.).
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),
Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы 191Ir (37,3%) і 193Ir (62,7%). У зямной кары 10−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.
Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.
т. 7, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,
княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.
В.Л.Насевіч.
т. 8, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав. ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.
т. 8, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)