ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ (Lehr-Spławiński) Тадэвуш (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),

польскі мовазнавец-славіст. Акад. АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед. АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг. Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед. АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.

К.Ліней.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЕРЛА́ЎК (сапр. Фрыдфельд) Алексіс

(15.4.1866, г. Ікшкіле, Латвія — 19.4.1943),

латышскі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр; заснавальнік сучаснай лат. рэжысуры. З 1886 удзельнічаў у аматарскіх спектаклях у Рызе. З 1890 акцёр, рэжысёр Рыжскага лат. т-ра. У 1909—11 і з 1914 кіраўнік Новага рыжскага, з 1915 у петраградскім Новым лат. т-рах, з 1919 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі, у 1919—38 у Нац. т-ры (да 1921 дырэктар). Паставіў спектаклі: «Ворагі» М.​Горкага і «Адзін і многія» А.​Упіта (абодва 1919), «Іосіф і яго браты» (1920) і «Іграў я і скакаў» (1921) Я.​Райніса, «Купальшчыца Сусанна» Упіта (1922). Сцэн. вобразы адметныя эмацыянальнасцю, глыбокай тыповасцю, смеласцю ў выбары сродкаў акцёрскай выразнасці: Кленга, Кангар («У агні» Р.​Блаўмана, «Агонь і ноч» Райніса), Атынгаўзен («Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера) і інш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.

Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.​Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ Панас (сапр. Рудчанка Апанас Якаўлевіч; 13.5.1849, г. Міргарад, Украіна — 28.1.1920),

украінскі пісьменнік; заснавальнік жанру сац.псіхал. рамана ва ўкр. л-ры. Друкаваўся з 1872. У сац.-быт. рамане «Хіба равуць валы, калі яслі поўныя» (Жэнева, 1880; з братам І.​Я.​Рудчанкам) гісторыя дарэформеннай і паслярэформеннай укр. вёскі, пошукі сац. справядлівасці. У традыцыях крытычнага рэалізму напісаны раман «Вулічная» (ч. 1—2, 1883—84; ч. 3, 1919, ч. 4, 1928; аднайм. кінафільм 1961) пра трагічны лёс дзяўчыны-парабчанкі. Аўтар аповесцей «Ліхія людзі» (1877), «Ліха даўняе і цяперашняе» (1897, выд. 1903), «Галодная воля» (выд. 1940), паэмы ў прозе «Сон» (1905), п’ес, перакладаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Б.​Сачанка.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ. 1976;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1951.

В.​А.​Чабаненка.

П.Мірны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,

італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.​Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.​Вінчы, Н.​Порпара, Л.​Леа, Н.​Іамелі, Т.​Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.​Б.​Пергалезі, Н.​Пічыні, Дж.​Паізіела, Д.​Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.​Дзена і П.​Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.

Літ.:

Гл. пры арт. Опера.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́Р (Pythagoras) Самаскі

(каля 580, в-аў Самас, Грэцыя — 500 да н.э.),

старажытна-грэчаскі матэматык і філосаф-ідэаліст, заснавальнік піфагарэізму. У галіне матэматыкі яму прыпісваюць увядзенне доказу ў геаметрыю, пабудову планіметрыі прамалінейных фігур, стварэнне вучэння пра падобнасць, доказ Піфагора тэарэмы, адкрыццё ірацыянальных лікаў, пабудову некат. правільных многавугольнікаў і мнагаграннікаў і інш. Ёсць звесткі пра П. як астранома. Ён лічыў Зямлю шарам, які знаходзіцца ў цэнтры Сусвету; ведаў пра ўласны рух Сонца, Месяца і планет. Заснаваў у г. Кратоне (Паўд. Італія) піфагарэйскі саюз, які быў адначасова філас. школай, паліт. партыяй і рэліг. брацтвам. Лічыў, што лік ёсць сутнасць усіх рэчаў, а Сусвет з’яўляецца гарманічнай сістэмай лікаў і іх адносін. Адстойваў уяўленне аб бессмяротнасці душ і іх перасяленні. Быў ідэолагам рабаўладальніцкай арыстакратыі.

Літ.:

Болгарский Б.В. Очерки по истории математики. Мн., 1974.

Піфагор.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́Н (Proudhon) П’ер Жазеф (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),

французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЎРА́САЎ Аляксей Кандратавіч (24.5.1830, Масква — 8.10.1897),

рускі жывапісец-пейзажыст. У 1844—54 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1857—82 выкладаў у ім. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Раннім творам уласцівы рысы рамант. пейзажу («Від на Крэмль у непагадзь», 1851). У 1850—70-я г. звяргаўся да спакойных, апавядальных вобразаў, каларыстычнага адзінства, узмоцненага эмацыянальным гучаннем святлаценю («Ласіны востраў у Сакольніках», 1869; «Гракі прыляцелі», 1871). Прастатой матыву, вял. ўнутр. змястоўнасцю, цэльнасцю вызначаюцца работы «Прасёлак» (1873), «Дворык» (1870-я г.) і інш. С. зрабіў вял. ўплыў на рус. пейзажыстаў канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Федоров-Давыдов А.А. Саврасов. М., 1957;

Новоуспенский Н.Н. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. Л., 1981;

Мальцева Ф.С. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. 2 изд. Л., 1989.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ВЭ Васіль Якаўлевіч (15.4.1793, Альтана, Германія — 23.11.1864),

расійскі астраном і геадэзіст, заснавальнік Пулкаўскай астр. абсерваторыі. Акад. Пецярбургскай АН (1832, чл.-кар. 1822). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1810). З 1818 дырэктар Дэрпцкай, у 1839—62 Пулкаўскай абсерваторый.

Навук. працы па практычнай і зорнай астраноміі, астраметрыі і геадэзіі. Правёў першыя надзейныя вымярэнні паралаксаў 27 зорак (1837). Выявіў канцэнтрацыю зорак у галоўнай плоскасці Галактыкі, даказаў існаванне паглынання святла ў міжзорным асяроддзі і прапанаваў спосабы яго ўліку пры астр. назіраннях. З 1816 кіраваў астранома-геадэз. вымярэннямі некалькіх экспедыцый, вынікі работы якіх дазволілі вызначыць даўжыню дугі мерыдыяна ў 25°20 ад р. Дунай да Паўн. Ледавітага ак., т.зв. дуга Струвэ.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды звездной астрономии. М., 1953;

Дуга меридиана. М., 1957.

Літ.:

Новокшанова (Соколовская) З.К. В.​Я.​Струве. М., 1964.

В.Я.Струвэ.

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)