«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел.правасл. рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,
у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗБУКІН (Мікалай Васілевіч) (1894, Бабруйск — 24.11.1943 ?),
бел. географ, краязнавец. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1917 выкладаў у Бабруйскай гімназіі, у 1921—30 на кафедры геаграфіі Інбелкульта і АН Беларусі. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху на Беларусі, чл.Цэнтр. бюро краязнаўства пры АН Беларусі. Асн. працы па геаграфіі Беларусі і інш. краін: «Геаграфія Еўропы» (1924), «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў» (у сааўт.), «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» і інш. У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-БАКА́Р (Абакараў) Ахмедхан
(н. 12.12.1931, аул Кубачы, Дагестан),
даргінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Дагестана (1969). Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1956). Аўтар аповесцяў «Даргінскія дзяўчаты» (1958), «Каралі для маёй Серміназ» (1965), «Сонца ў «Арліным гняздзе» (1975), «Мама, запалі сонца» (1983) і інш.Нац. каларыт у яго творах падкрэсліваюць шматлікія фалькл. элементы (прытчы, легенды, анекдоты). Выступае як драматург, кінадраматург, піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНА́РЫЙ, камяністы сад,
участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),
прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),
бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),
уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.Б.Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦІ́ПАЎ (Васіль Рыгоравіч) (н. 15.2.1924, в. Бокачы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія),
дэндролаг. Д-рбіял.н. (1981), праф. (1983). Скончыў Леніградскую лесатэхн. акадэмію (1952). Працаваў у бат. садах Латвійскай і Беларускай АН, у Чарнавіцкім ун-це. З 1977 праф.Бел.тэхнал. ун-та. Навук. працы па садова-паркавым і ландшафтным мастацтве, праблемах экалогіі.
Тв.:
Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Устойчивость древесных растений к промышленным газам. Мн., 1979;
Определитель древесных растений. Мн., 1994 (разам з І.В.Гуняжэнкам).