АЎТО́ГРАФ (ад аўта... + ...граф),
1) уласнаручны надпіс, подпіс.
2) Аўтарскі рукапісны тэкст маст. твора, навук. працы, дзённікаў, лістоў і інш. Важная крыніца ўстанаўлення кананічнага тэксту твора, вывучэння творчага працэсу аўтара (гл. Тэксталогія). Аўтарызаваны (пісьмова ўхвалены аўтарам) машынапісны тэкст прыраўноўваецца да аўтографа. Збіраюць і захоўваюць аўтографы архівы, музеі, бібліятэкі.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,
возера ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на пойме р. Бярэзіна, на ПнУ ад Бабруйска. Пл. 0,5 км². Даўж. 4 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 4 м. Берагі возера пясчаныя, пад хмызняком, 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай з р. Бярэзіна.
т. 3, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРК (Berck),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Кале, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Развіваецца з 19 ст. Умерана вільготны марскі клімат з мяккай зімой і цёплым сонечным летам спрыяльны для лячэння дзіцячых хвароб туберкулёзнага паходжання; клімататаласатэрапію выкарыстоўваюць пры хваробах органаў руху і апоры.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
арганізацыя вытв. дзейнасці, якая зыходзіць з неабходнасці яе гарманічнага ўпісання ў прыродныя кругавароты рэчываў. Звычайна біялагізацыя вытворчасці дапускае прыбліжэнне вытв. дзейнасці да законаў біятычнага кругавароту, напр. пераход ад хімізацыі сельскай гаспадаркі да новых біяарган. с.-г. тэхналогій, стварэнне аграэкасістэм, якія арганічна спалучаюць антрапагенныя і прыродныя біяцэнозы.
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ВЕНКА,
адзінка вагі ў 204,756 г, пакладзеная ў аснову грашовай вытв-сці ў 15 — пач. 18 ст. ў Рас. дзяржаве. Называлася таксама скалвавая грывенка (ад «скалвы» — вагі). Складалася з 48 златнікаў (па 4,266 г) або 1200 почак (па 0,171 г). У пач. 18 ст. заменена фунтам (409,512 г).
т. 5, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),
1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.
2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.
3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.
т. 4, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАКЛАСТЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯ́Л, эксплазіўны матэрыял,
абломкавы матэрыял, які ў вадкім ці цвёрдым стане выкінуты выбухам пры вывяржэнні вулкана. Памеры ад самых дробных (вулканічны попел) да глыб (вулканічныя бомбы). Утвараецца з лаў, што вывяргаюцца, старых лаў і горных парод, што складаюць сценкі жарала вулкана і бакавых трэшчын. Гл. таксама Эксплазія.
т. 4, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ГАДА,
возера ў Глускім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Зарудзеча, за 7 км на З ад г.п. Глуск, на нізінным балоце Выгада. Пл. 0,78 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 0,5 м. Берагі нізкія. Моцна зарастае, дно выслана сапрапелем. Летам амаль перасыхае.
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ЗАСАМІ́ННАЕ ВО́ЗЕРА,
у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маства (левы прыток Сцвігі), за 21 км на ПдУ ад г. Столін. Пл. 0,98 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 1 км, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Схілы акруглай катлавіны спадзістыя. З возера выцякае р. Мышанка.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́НАС (ад назвы скалы Дынас ва Уэльсе, Вялікабрытанія),
адзін з вогнетрывалых матэрыялаў. Складаецца пераважна (не менш як 93%) з крэменязёму. Атрымліваецца з кварцавых парод на вапнавай або іншай звязцы абпальваннем пры высокіх т-рах. Вогнетрываласць 1680—1730 °C. Выкарыстоўваецца пры мураванні прамысл. печаў (мартэнаўскіх, коксавых, шклаварных і інш.).
т. 6, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)