СМЕ́РДЫ,
назва сельскага насельніцтва ў дакументах 11—12 ст. ў Стараж. Русі. Напачатку С. называлі свабодных абшчыннікаў. Паступова з іх вылучылася залежная ад дзяржавы, а потым і ад феадалаў група «худых С.», якія мелі сваю гаспадарку, коней і інвентар, плацілі даніну (натуральны аброк) князю. Яны захоўвалі асабістыя свабоду і правы, адказвалі за правіннасці і злачынствы паводле тагачаснага права. У 13—15 ст. тэрмін «С.» паступова знік у сувязі з дыферэнцыяцыяй сялянства. Апошняя згадка пра С. на Беларусі ў дагаворнай грамаце 1440 вял. князя ВКЛ Казіміра Ягайлавіча пра ўстанаўленне міру і ўмовы гандлю Полацка і Віцебска з Ноўгарадам. Крыніцамі для вывучэння становішча С. з’яўляюцца Руская праўда і наступныя юрыд. акты.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)