СПАРАФІ́Т (ад споры + ...фіт),
бясполае пакаленне раслін, жыццёвы цыкл якіх мае чаргаванне палавога і бясполага пакаленняў; прадуцыруе споры. Утвараецца пасля апладнення — зліцця мужчынскай і жан. гаплоідных гамет у дыплоідную зіготу. З яе развіваецца мнагаклетачны зародак. што дае пачатак дарослай расліне. Кожная клетка С., як і зігота, мае звычайна падвоены набор храмасом. На С. фарміруюцца органы бясполага размнажэння — спарангіі, у якіх пасля рэдукцыйнага дзялення (меёзу) утвараюцца меяспоры з гаплоідным наборам храмасом. Яны даюць пачатак палавому пакаленню і гаметафіту з гаплоіднымі клеткамі. Выяўленасць С. ў розных груп раслін залежыць ад іх жыццёвага цыкла (напр., вышэйшыя зялёныя расліны, акрамя мохападобных, з’яўляюцца С., у мохападобных С. развіваецца на гаметафіце ў выглядзе органа (спарагонія) і не здольны існаваць аўтаномна).
т. 15, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)