гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м., пераважна ў Франц. Альпах. Уключае дэпартаменты Бушдзю-Рон, Вар, Ваклюз, Верхнія Альпы, Альпы Верхняга Праванса, Прыморскія Альпы. Пл. 31,8 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (2000), больш за 80% пражывае ў гарадах. Гал. горад Марсель, найважн.прамысл. цэнтры — Ніца, Тулон, Авіньён. Пераважае горны рэльеф. Клімат умераны (у гарах), міжземнаморскі (на ўзбярэжжы). Прамысл. раён са значнай роллю курортнай справы і турызму. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., нафтаперапр., нафтахім., тэкст., харч., чорная металургія. Здабыча баксітаў, солі з марской вады, бурага вугалю. Лесанарыхтоўкі. ГЭС на горных рэках. У горнай частцы пераважае жывёлагадоўля (авечкі і козы), на ўзбярэжжы — субтрапічнае пладаводства і вінаградарства, агародніцтва і кветкаводства, вырошчванне алівак, эфіраалейных культур, пасевы пшаніцы; дэльта р. Рона — асн. раён рысаводства ў Францыі. П. — пастаўшчык ранняй агародніны і фруктаў для інш. раёнаў краіны. На Угал. курортны раён краіны — Блакітны бераг (Рыўера).
У 6 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. заснаваны грэч. калоніі. У 2 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, якія ўтварылі тут сваю правінцыю (адсюль назва П.). У 5—6 ст.н.э. на П. нападалі вестготы, бургунды, остготы. У 536 далучаны да каралеўства франкаў. У 855—863 самастойнае каралеўства. З 879 у складзе каралеўства Ніжняя Бургундыя, з 933 — графства ў Аб’яднаным Бургундскім каралеўстве. У 1113—1246 належаў графам Барселонскім, у 1246—1481 — Анжуйскай дынастыі. У 1481 далучаны да Францыі з захаваннем правінцыяльнай аўтаноміі, якая паступова ўразалася каралеўскай уладай. У час гугеноцкіх войнаў 16 ст. насельніцтва П. (акрамя Марселя) падтрымлівала гугенотаў. У 17 ст. на тэр. правінцыі адбываліся буйныя паўстанні (у 1631 у Эксе, у 1644 у Марселі і Арлі). Пасля задушэння паўстання ў 1660 у Марселі б.ч. прывілеяў скасавана. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. На аўтадарозе Мінск—Маладзечна. За 32 км ад Маладзечна, за 41 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Радашковічы. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву. 5,7 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1447, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. З 1499 уласнасць кн. В.М.Вярэйскага, Гаштольдаў, Боны Сфорца, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 да сярэдзіны 19 ст. штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 горад, 150 двароў, 18 корчмаў, майстэрні, Радашковіцкі замак. У 1569 Р. атрымалі магдэбургскае права, у 1792 — герб: на сярэбраным полі паясная выява св. Стафана, пабітага камянямі. З 1793 у Рас. імперыі, заштатны горад Вілейскага пав. Мінскай губ., з 1842 цэнтр воласці Віленскай губ. У 1897—2615 ж., гар. і рэальнае вучылішчы, бровар. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяв. У 1922—28 працавала Радашковіцкая беларуская гімназія. З канца 1939 у БССР. З 1940 гар. пасёлак і да 1960 цэнтр Радашковіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 6433 чал.; у 1941 у абарончых баях каля Р. вызначыліся экіпажы самалётаў Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэлы, Героя Рас. Федэрацыі А.С.Маслава і інш. З 1960 у Маладзечанскім р-не.
Працуюць Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка», хлебазавод, міжгасп. прадпрыемства керамічных вырабаў, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, М.Ф.Гастэлу, яго экіпажу, сав. лётчыкам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, Я.Купалу, Ядвігіну Ш. Помнікі архітэктуры: Радашковіцкі касцёл, царква пач. 20 ст.Археал. помнік — гарадзішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст.тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскі кн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст.тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст.тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
Від на Полацк з боку Задзвіння. Фота канца 19 — пач. 20 ст.Полацк. Фрагмент праспекта К.Маркса.Плошча Ф.Скарыны ў Полацку. Фота 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.С.Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту I Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст.тут распачата буд-вагар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс.ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс.ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс.ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,
асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра I з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр.б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц.дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях. палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,
раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2n радкоў.
Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць . Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.
Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут
,
, якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).
Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.