АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.​Астрожскім і палявым гетманам Я.​Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс. чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,

рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙМС, Джэмс (James),

назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл. бас. 25,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.

2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл. бас. 57,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЧАС, Воўчыца,

рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каля в. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШЫ́М,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл. бас. 177 тыс. км². Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м³/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХВА́,

рака ў Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 731 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Старая Вадва Шклоўскага р-на. Асн. прытокі: Лахвіца, Жыварэзка, Праціўніца (справа). Цячэ пераважна па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. ад 500—800 м у верхнім цячэнні да 1—1,5 км у ніжнім. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. да 25 м. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная. Рэчышча каналізаванае на З участках агульнай працягласцю каля 22 км. На астатнім працягу рэчышча звілістае, шыр. 15—20 м, месцамі да 40 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На рацэ зона адпачынку Лахва.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВА́,

рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс. км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз. М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫ НІЛ,

араб. Бахр-эль-Азрак, рака ў Афрыцы, у Эфіопіі і Судане, правы, самы паўнаводны прыток Ніла. Даўж. 1600 км, пл. бас. 300 тыс. км². Пачынаецца пад назвай М.​Абай на Эфіопскім нагор’і (у гарах Чокэ), працякае праз воз. Тана, выцякае з яго пад назвай Абай, на працягу 500 км прабіваецца ў глыбокім каньёне, утварае парогі і вадаспады (Тыс-Эсат, выш. 45 м і інш.), потым цячэ па раўнінах Судана як Блакітны Ніл (назва ад чысціні і празрыстасці вады). Гал. прытокі Рахад і Дындэр. Каля г. Хартум зліваецца з Белым Нілам. Паводка летам. Сярэдні расход вады каля вусця 1650 м³/с. ГЭС у гарадах Эр-Расейрэс і Сенар. Вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходства за 580 км ад вусця.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

Рака Бобр.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).

Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)