ІРЧА́Н Міраслаў (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в.Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.
Літ.:
Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;
Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЧЫ́НСКІ Міхась (Міхаіл Іванавіч; 12.1.1917, г. Крупкі Мінскай вобл. — 10.8.1990),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў курсы пры Камуніст. ін-це журналістыкі (Мінск, 1936). Працаваў у прэсе. У 1954—60 адказны сакратар, нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1960—78 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкаваўся з 1932. Першыя кнігі для дзяцей (паэмы «Косця-чэкіст», 1938; «Пакет», 1939). У зб. «Сонца ў блакіце» (1949) лірычнае ўвасабленне тэмы Вял.Айч. вайны, вернасці Радзіме. Аўтар кніг паэзіі «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Паясы» (1968), «Докшыцкі каравай» (1974). Для дзяцей і юнацтва выдаў кнігі «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978). Паэзіі К. ўласцівы традыцыйныя класічныя метрыка і строфіка, рэалістычна-канкрэтная вобразнасць, нар.-песенныя матывы і інтанацыі. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў, тэкстаў песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫМА́,
рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл.бас. 643 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас. ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл.ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЁВІЧ (Konjović) Петар (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),
сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́НЧЫК Павел Сцяпанавіч (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл.Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел.к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл.Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУСБССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУССССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел.ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СЕЎ Канстанцін Іванавіч (н. 24.3. 1933, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. і расійскі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957). З 1957 у муз. т-рах Расіі і Украіны. У 1970—93 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На бел. сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў: Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Несцерка («Несцерка» Р.Суруса), Дзяніс Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Эдвін і Феры, Тасіла («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Мікіта («Халопка» М.Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Назар Дума («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Карбон і Рагно («Сірано» С.Пажлакова), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Фельзера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас.Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс.км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс.км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс.м³/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф Анатоль Барысавіч (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.