ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніяміабоархегоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРТ (ням. Bord),
1) сукупнасць элементаў набору (бэлек, ліставых канструкцый і інш.) і абшыўкі судна, якія складаюць бакавыя сценкі корпуса.
2) У пераносным значэнні — сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і інш.; часам назва «борт» ужываецца ў дачыненні да асобнага марскога ці паветр. судна ў цэлым («узяць на борт»).
3) Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і інш.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТУМ (ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотуму давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАВА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
частковая або поўная гібель азімых збожжавых культур і інш. раслін, якія зімуюць, ад знясілення ў выніку доўгага знаходжання пад глыбокім снегавым покрывам. Бывае, калі ўвосень рана выпадае снег на незамёрзлую зямлю або доўга не сыходзіць вясной. На Беларусі найб. пашкоджваюцца перарослыя і загусцелыя пасевы азімых (жыта менш устойлівае, чым пшаніца), асабліва пры адначасовым іх падмаканні пры працяглых адлігах і напярэдадні інтэнсіўнага раставання снегу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬМО́, лейкома,
рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОК (галанд. dok, англ. dock),
1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфіабо суднарамонтнага прадпрыемства.
2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,
у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв.Беларускія вечарынкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІСЕ́КЦЫЯ (ад лац. vivus жывы + sectio рассячэнне),
жывасячэнне, аперацыя на жывой жывёле з мэтай мед. і фізіял. даследаванняў, вывучэння функцый арганізма, прычын захворвання, дзеяння розных рэчываў на арганізм; распрацоўка метадаў хірург. лячэння і інш. Даследаванне вядзецца ў час самой аперацыі (востры дослед), напр. пры раздражненні, перасадцы або выдаленні якога-н. органа, або аперацыя з’яўляецца толькі падрыхтоўкай для далейшых даследаванняў (хранічны дослед). Пры вівісекцыі абавязкова выкарыстоўваюцца наркатычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.
К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТАФІ́Р (ад грэч. keras
(keratos) рог + парфір),
альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.