БАГУСЛА́ЎСКІ ((Bogusławski) Войцех) (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),
польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес.нац.драм. і муз.т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.Шэкспір, Мальер, П.Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),
род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.
Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган.к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.
Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,
суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́КТАЎ ТЭО́РЫЯ,
музычна-тэарэтычная канцэпцыя, заснаваная на ўяўленні аб музыцы як мастацтве, гал. змест якога адлюстраванне афектаў — пачуццяў, страсцей і эмоцый чалавека. Узнікла на аснове ант. тэорыі муз. этасу. Пашырана ў 17—18 ст.Асн. прынцыпы тэорыі сфармуляваў у 1744 І.Матэзан; станаўленне звязана з працамі Р.Дэкарта, Ж.Ж.Русо, Ж.Д’Аламбера, Д.Дзідро, М.Мерсена і інш., якія сцвярджалі сувязь акордаў, мелодыкі, рытму, тэмпу, а таксама дысанансу, танальнасці і інш. са светам пачуццяў, разглядалі канкрэтныя спосабы адлюстравання душэўных настрояў сродкамі муз. мовы, пытанні аб пастаянстве і зменах, градацыях і адценнях афектаў. Класіфікацыю афектаў зрабілі А.Кірхер (8 відаў) і Ф.В.Марпург (27 відаў). Афектаў тэорыя была своеасаблівай апазіцыяй музыцы рацыяналістычных тэндэнцый і царк. музыцы. Нягледзячы на пэўны схематызм, яна выявіла новыя эстэт. погляды і часткова прадвызначыла рысы сентыменталізму ў музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́Н (Athōs),
Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус.св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Літ.:
Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.
Да арт.Афон. Комплекс манастыроў.Да арт.Афон. Абраз з манастыра Заграфа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл.таксамаЦеплазабеспячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗО́ЛІ (ад аэра... + золі),
дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз.смогам.
Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл.таксамаАэразольная катастрофа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАПО́РТ,
прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).
Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Тпры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел.нац. рух, разам з Вял.бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.