КАМЕ́НСКІ (Уладзімір Георгіевіч) (12.7.1909, с. Нікольскае Маскоўскай вобл. — 10.7.1980),
бел. вучоны ў галіне буд-ва, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-ртэхн.н. (1965). Скончыў БПІ (1935). У 1935—39 у Наркамаце мясц. прам-сці, з 1946 у Савеце Міністраў БССР. З 1970 у Ін-це цепла- і масаабмену АНБССР. Навук. працы па цеплаахоўных і цеплавільготнасных уласцівасцях сценавых канструкцый будынкаў, тэрмаапрацоўцы жалезабетону ў эл.-магн. полі.
Тв.:
Облегченные стеновые конструкции в жилищном строительстве. Мн., 1962;
Теплозащитные качества наружных стен крупнопанельных жилых и общественных зданий. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Камень Пінскага р-на Брэсцкай вобл. На 2 стаянках выяўлены рэшткі наземных жытлаў, агнішчаў, абкладзеных камянямі, пахаванне. Знойдзена вял. колькасць апрацаваных крамянёў, у т. л. прылад працы (скрэблы, разцы, вастрыі, адбойнікі, сякеры і інш.), вырабаў з косці і рогу (сякеры, цёслы, долаты, рыбалоўныя кручкі, клінкі, наканечнікі, падвескі і інш.), каменныя шліфавальныя пліткі і цёрачнікі, некалькі вырабаў з медзі і бронзы, шмат абломкаў арнаментаваных ляпных гліняных пасудзін нёманскай культуры, шнуравой керамікі культуры і тшцінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА (Іван Паўлавіч) (27.12.1897, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 21.1.1952),
генерал-палкоўнік артылерыі (1943). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1921), артыл. камандна-тактычныя курсы (1936). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ўдзельнік баёў супраць войск Калчака і сав.-польскай вайны 1920: камісар дывізіёна, палка. Пазней нач. артылерыі дывізіі, корпуса Забайкальскай і Паўн.-Каўказскай ваен. акруг. У Вял.Айч. вайну на Зах. фронце: нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага войскамі, нач. артылерыі фронту. Удзельнік абароны Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРО́Н ((Cameron) Чарлз) (1730-я г., Шатландыя — 1812),
расійскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Францыі і Італіі. З 1779 працаваў у Пецярбургу, у 1802—05 гал. архітэктар Адміралцейскай калегіі. Сярод твораў комплекс збудаванняў у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін): павільён «Агатавыя пакоі» (1780—85) з «Халоднымі лазнямі», «Вісячы сад» і «Камеронава галерэя» (1783—86, пандус — 1793); палац і паркавыя павільёны ў г. Паўлаўск (1780—1801). Пабудаваў палац Разумоўскага ў Батурыне на Украіне (1799—1803). Творчасці ўласцівы гарманічнасць, вытанчанасць кампазіцый, прапорцый і аддзелкі інтэр’ераў.
Ч.Камерон. Палац у г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЛЮ́К (Лілія Васілеўна) (н. 2.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-рбіял.н. (1992), праф. (1997). Скончыла БДУ (1959). У 1963—72 і з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па метадах аптымізацыі экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння выхаду рыбапрадукцыі, вывучэнні структуры і функцыянавання зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння.
Тв.:
Пособие по биологии для поступающих в вузы. Мн., 1993 (у сааўт.);
Биология в вопросах и ответах: Уч. пособие. Мн., 1997 (разам з М.А.Лемязой, М.Дз.Лісавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́РГЕЛЮ І МЕ́ЛУ.
У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн.т, перспектыўныя 75,9 млн.т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,
балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс.га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах.ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ШЧАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 2.3.1936, с. Лукашкін Яр Аляксандраўскага р-на Томскай вобл., Расія),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1986). Скончыў Казахскі ун-т (1959). З 1972 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і нафтаноснасці Прыпяцкага прагіну, тэктоніцы абласцей галакінезу стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Соляная тектоника Припятского прогиба. Мн., 1975;
Тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1980;
Тектоника областей галокинеза Восточно-Европейской и Сибирской платформ. Мн., 1982;
Сравнительная тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕЛЯ́Н (Яфім Захаравіч) (12.4.1912, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 6.3.1975),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял.драм. т-ры (1935), працаваў у гэтым тэатры. Для ігры характэрны стрыманы лірызм, уменне трымаць паўзу, прыцягваць увагу гледача да роздумаў героя. Сярод роляў: Джэксан («Скаваныя адным ланцугом» Н.Дугласа і Г.Сміта, 1961), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава, 1965). З 1932 здымаўся ў кіно: Сава Марозаў («Мікалай Баўман», 1968), Свідрыгайлаў («Злачынства і кара», 1970). Чытаў тэкст ад аўтара ў фільмах, у т. л. тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш.