ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 5, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,

караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст. н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав. ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.

Базавая школа, б-ка.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗРАЭ́ЛІ ((Disraeli) Бенджамін) (21.12.1804, Лондан — 19.4.1881),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, пісьменнік.

Лорд Бікансфілд (з 1876). Сын пісьменніка І.​Дызраэлі. У 1837—76 дэп. палаты абшчын ад партыі торы (з 1846 кіраўнік фракцыі). Міністр фінансаў у 1852, 1858—59, 1866—68; распрацаваў і ажыццявіў праект выбарчай рэформы (1867). Значная яго роля ў пераўтварэнні партыі торы ў Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі (з 1868 яе лідэр). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1868 і 1874—80. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, накіраваную на пашырэнне тэр. і ўплыву Брыт. імперыі, у т. л. ў зоне Суэцкага канала (1875). Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. Аўтар раманаў і навел пра брыт. грамадства: «Вівіян Грэй» (1826—27), «Кантарыні Флемінг» (1832), «Сібіла, або Дзве нацыі» (1845), «Эндыміён» (1880) і інш.

Літ.:

Трухановский В.Г. Бенджамин Дизраели // Вопр. истории. 1990. № 2.

Н.​К.​Мазоўка.

Б.Дызраэлі.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.​Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,

саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.

З.​І.​Гіяргідзе.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.​Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.​Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.

Гомельскі замак. Малюнак з карты 16 ст.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРВЯ́ТЫ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).

Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.

2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),

правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАВА,

вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).

Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.

Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)