ГАМБЕ́ТА

(Gambetta) Леон Мішэль (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)