КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац.школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),
жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.
Літ.:
История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;
Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),
рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст.школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар.маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ.т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.
Літ.:
Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;
Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;
Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.
А.Г.Лісаў.
В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),
гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел.нар.муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел.муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.
Тв.:
Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомости. 1878. № 1—2;
Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;
1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;
О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г.М., 1880. Т. 3, ч. 1;
О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЕРЭ́,
расійскія мастакі; бацька і сын.
Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школеТ-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.
Літ.:
Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.
Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.
расійскі літаратуразнавец, культуролаг. Акад. Эстонскай, Нарвежскай, Шведскай АН, чл.-кар. Брытанскай акадэміі. Скончыў Ленінградскі ун-т (1950). З 1950 у Тартускім настаўніцкім ін-це, з 1954 у Тартускім ун-це (у 1960—77 заг. кафедры рус. л-ры). Узначальваў Тартускую семіятычную школу. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 18 — сярэдзіны 19 ст., праблемы тэорыі л-ры і культуры ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця сац.-філас. думкі («Артыкулы па тыпалогіі культуры», вып. 1—2, 1970—73). Пры аналізе маст. твораў распрацоўваў структуральна-семіятычны падыход: «Стварэнне Карамзіна» (1987), «У школе паэтычнага слова: Пушкін, Лермантаў, Гогаль» (1988); вял. ўвагу аддаваў семантыцы знакавых структур: «Структура мастацкага тэксту» (1970), «Аналіз паэтычнага тэксту. Структура верша» (1972). Тэкст інтэрпрэтаваў як адзінства мадэлі аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэчаіснасці, у якасці знакавай сістэмы, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да знакаў натуральных моў. Асн. навуковыя працы: «Лекцыі па структуральнай паэтыцы» (1964), «Семіётыка кіно і праблемы кінаэстэтыкі» (1973), «Культура і выбух» (1992), «Размовы пра рускую культуру» (выд. 1994) і інш. Арганізатар выдання серыі «Працы па знакавых сістэмах. (Семіётыка)» (з 1964; «Вучоныя запіскі Тартускага універсітэта»). Аўтар успамінаў «Не-мемуары» (1994), шэрагу тэлеперадач па актуальных праблемах культуры, маралі, выхавання.
Тв.:
Избр. статьи. Т. 1—3. Таллинн, 1992;
Пушкин: Биогр. писателя;
Статьи и заметки, 1960—1990;
«Евгений Онегин»: Комментарий. СПб., 1995.
Літ.:
Ю.М.Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст.ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.Гадар і С.Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1971), «Клоп» У.Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),
бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас.дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял.Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел.паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж.бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.