КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы ислользования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Л.В.Ляўшун.
т. 8, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)