ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 7, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАНТАВА́ННЕ,
вылучэнне дыскрэтнай сукупнасці з мноства неперарыўных значэнняў фіз. велічыні. Адпавядае заканамернасцям мікрасвету, дзе для некаторых фіз. характарыстык існуе толькі пэўны шэраг асобных магчымых значэнняў (гл. Момант імпульсу, Узроўні энергіі).
К. ўведзена ў фізіку М.Планкам (1900), які выказаў меркаванне, што энергія асцылятара з частатой ваганняў ν можа мець толькі дыскрэтны шэраг значэнняў E = nhν, дзе h — Планка пастаянная. Дастасаванне гэтых суадносін да планетарнай мадэлі атама прывяло да К. энергіі атама вадароду (Н.Бор, 1913; гл. Бора тэорыя). А.Зомерфельд (1915) абагульніў умовы К. на больш складаныя выпадкі, што дазволіла распрацаваць метады разліку атамных спектраў. Да стварэння квантавай механікі К. мела характар некат. спец. правіл. У квантавай механіцы К. ўзнікае як вынік агульных матэм. патрабаванняў, якім падпарадкоўваюцца яе ўраўненні. З Шродынгера ўраўнення для электрона ў атаме вадароду вынікае, што для электрона магчымыя толькі некат. дыскрэтныя ўзроўні энергіі. Пад К. разумеюць таксама працэдуру замены суадносін паміж класічнымі фіз. велічынямі на суадносіны паміж адпаведнымі аператарамі.
Літ..: Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1. М., 1984; Борн М. Атомная физика: Пер. с англ. 3 изд. М., 1970; Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988.
Л.М.Тамільчык.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл. Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
Б.Б.Бойка.
т. 8, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл. Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
В.К.Бандарчык.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
В.В.Краснова.
т. 9, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,
тэорыя, метады і сродкі вымярэнняў магн. велічынь. Вымяраюцца вектар магнітнай індукцыі, магнітны паток, напружанасць, градыент і інш. параметры магнітнага поля (магнітометрамі) і магн. ўласцівасці (характарыстыкі, параметры) магнітных матэрыялаў (спец. ўстаноўкамі, якія маюць вымяральныя блокі, прыстасаванні для намагнічвання і размагнічвання вырабаў, тэрмакамеры і інш.).
Пры вымярэнні і даследаванні ўласцівасцей магн. матэрыялаў і параметраў магн. поля найб. пашыраны метады: індукцыйны (засн. на вымярэнні эрс, якая ўзбуджаецца ў другаснай — вымяральнай абмотцы ўзору пры прапусканні праз першасную абмотку намагнічвальнага току), магнітастатычны (засн. на вымярэнні сілавога ўздзеяння магн. поля ўзору, што вывучаецца, на магн. стрэлку), каларыметрычны (засн. на вымярэнні цеплавой энергіі, што вылучаецца ўзорам пры яго намагнічванні ў камеры каларыметра), магнітааптычныя (засн на магнітааптычных эфектах — Кера эфекце, Фарадэя эфекце), параметрычныя, або маставыя (засн. на выкарыстанні мастоў пераменнага току, у адно з плячэй якіх уключаюць абмотку, што намагнічвае ўзор), холаўскі (засн. на вымярэнні параметраў магн. поля з дапамогай пераўтваральнікаў Хола). Пры даследаванні гонкай магн. структуры рэчываў выкарыстоўваюць метады ядзернага магнітнага рэзанансу, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ферамагнітнага рэзанансу і інш.
Літ.:
Чечерников В.И. Магнитные измерения. 2 изд. М., 1969;
Антонов В.Г., Петров Л.М., Щелкин А.П. Средства измерений магнитных параметров материалов. Л., 1986.
М.А.Мяльгуй.
т. 9, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛАЗНА́ЎСТВА,
навука пра састаў, будову і ўласцівасці метал. і неметал. матэрыялаў, пра метады іх атрымання і апрацоўкі. Грунтуецца пераважна на даследаваннях у галіне фізікі, хіміі, фіз. хіміі. Адна з асн.ч. М. — металазнаўства.
Састаў матэрыялаў вывучаюць метадамі гравіметрычнага аналізу, грануламетрычнага (гл. Грануламетрыя), паляраграфічнага (гл. Паляраграфія), спектральнага аналізу, актывацыйнага аналізу, хімічнага і інш.; будову матэрыялаў — з дапамогай электронаграфічнага (гл. Электронаграфія), металаграфічнага (гл. Металаграфія), электронна-мікраскапічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу. Уласцівасці матэрыялаў вызначаюць мех. выпрабаваннямі (Брынеля метадам, Вікерса метадам, Роквела метадам), дылатаметрычнымі (гл. Дылатаметрыя), магн., эл. і інш. М. вывучае метады атрымання матэрыялаў — плаўку, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, электроннапрамянёвы і плазменна-дугавы пераплаў і інш.; спосабы апрацоўкі металаў ціскам, зваркі, рэзання металаў і інш. Развіваюцца таксама крыягеннае і касм. М.
На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі, інш. ВНУ, галіновых НДІ. Развіццё атрымала М. каляровых і чорных металаў, тэорыя і практыка парашковай металургіі, сінтэзу звышцвёрдых, кампазіцыйных і палімерных матэрыялаў, скарасных і імпульсных метадаў апрацоўкі, паверхневага пластычнага дэфармавання, магнітаабразіўнага паліравання і інш.
А.І.Гардзіенка.
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, дзе разглядаюцца тэорыя і метады рашэння задач аптымізацыі нелінейных функцый на мноствах, зададзеных нелінейнымі абмежаваннямі (роўнасцямі і няроўнасцямі).
У залежнасці ад уласцівасцей зададзеных функцый і абмежаванняў адрозніваюць выпуклае, квадратычнае, дробава-лінейнае, геам. і інш. віды Н.п., дзе рашаюць шырокі клас прыкладных задач, якія ўзнікаюць пры праектаванні тэхн. аб’ектаў, удасканаленні тэхнал. працэсаў, кіраванні складанымі сістэмамі, мадэліраванні эканам. працэсаў і інш., што патрабуюць уліку нелінейных эфектаў. Такія задачы маюць значную колькасць пераменных і абмежаванняў, з’яўляюцца шматэкстрэмальнымі (для іх рашэння патрабуюцца высокапрадукцыйныя ЭВМ). Метады Н.п. (градыентныя, другіх вытворных, лінейнай апраксімацыі, штрафных функцый і інш.) дазваляюць атрымаць набліжанае рашэнне, якое задавальняе ўмовы аптымальнасці з пэўнай хібнасцю. Найб. пашыраны метад штрафных функцый, які зводзіць задачу з абмежаваннямі да задачы без абмежаванняў фарміраваннем штрафной функцыі, якая атрымліваецца адніманнем «штрафаў» за парушэнне абмежаванняў з мэтавай функцыі дадзенай задачы.
На Беларусі матэм. пытанні Н.п. даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН і БДУ.
Літ.:
Базара М., Шетти К. Нелинейное программирование: Теория и алгоритмы: Пер. с англ. М., 1982;
Введение в нелинейное программирование: Пер. с нем. М., 1985;
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 5. Мн., 1998.
С.У.Абламейка.
т. 11, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕР ((Popper) Карл Раймунд) (28.7.1902, Вена — 1994),
англійскі філосаф, логік, сацыёлаг. З 1945 у Вялікабрытаніі. У 1945—69 праф. Лонданскага ун-та, дэкан ф-та Лонданскай школы эканомікі паліт. навук. Філас. канцэпцыі (крытычны рацыяналізм, тэорыя росту навук. ведаў) будаваў як антытэзы неапазітывізму. Прапанаваў прынцып фальсіфікацыі (прынцыповай абвяргальнасці любога сцвярджэння), які служыць крытэрыем дэмаркацыі паміж навук. ведамі і ненавуковымі.
Навукай і метафізікай П. сцвярджаў існаванне свету фіз. з’яў, свету суб’ектыўных (ментальных і псіхічных) станаў свядомасці, а таксама свету аб’ектыўных ведаў. Выступаў за «адкрытае грамадства», уладу розуму, справядлівасць, свабоду, роўнасць і папярэджанне міжнар. злачынстваў. Паводле П., «закрытыя грамадствы» характарызуюцца верай у існаванне магічных табу ў адрозненне ад «адкрытага грамадства», дзе «людзі (у значнай ступені) навучыліся крытычна ставіцца да табу і грунтаваць свае рашэнні на сумесным абмеркаванні і магчымасцях уласнага інтэлекту». Асн. творы: «Беднасць гістарыцызму» (1957), «Логіка навуковага адкрыцця» (1959), «Прапановы і абвяржэнні. Рост навуковых ведаў» (1962), «Пастскрыптум да логікі даследавання» (т. 1—3, 1981—82), «Рэалізм і мэта навукі» (1983).
Тв.:
Рус. пер. — Логика и рост научного знания. М., 1983;
Открытое общество и его враги. Т. 1—2. М., 1992.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́Л (ад лац. signum знак) у біялогіі, працэс або з’ява (вонкавая, унутраная, усвядомленая або неўсвядомленая), што перадае паведамленне пра падзею і арыентуе жывую сістэму адносна гэтай падзеі. У залежнасці ад характару сенсорнай сістэмы адрозніваюць С. акустычныя, аптычныя, біярытмічныя, тактыльныя, тэрмічныя, хім., электрамагнітныя і інш. (гл. Раздражняльнасць, Рэактыўнасць, Сігнальныя сістэмы).
С. у тэхніцы, умоўны знак, фіз. працэс ці з’ява, што нясе паведамленне (інфармацыю) аб якой-н. падзеі, стане аб’екта назірання, а таксама перадае каманду кіравання абвяшчэння ці інш. Агульныя заканамернасці перадачы і пераўтварэнняў С. вывучае інфармацыі тэорыя.
Бывае мех. (дэфармацыя, перамяшчэнне), цеплавы (напр., павышэнне т-ры), светлавы (успышка святла, зрокавы вобраз), эл. (імпульс току, радыёхваля), гукавы (мова, музыка, свіст) і інш. Інфармацыя, якую мае паведамленне прадстаўляецца зменамі аднаго ці больш параметраў С. — амплітуды (інтэнсіўнасці), працягласці, частаты, шырыні спектра, палярызацыі і інш. С. можна пераўтвараць (без змены зместу паведамлення) з аднаго віду ў другі, напр., неперарыўны С. — у дыскрэтны, гукавы — у эл., эл. — у светлавы. Выкарыстанне канкрэтных С. залежыць ад асаблівасцей канкрэтных задач перадачы паведамленняў, узроўню і характару перашкод, магчымасцей рэалізацыі прыёмнай і перадавальнай сістэм. Гл. таксама Сігнал геадэзічны, Сігналізацыя, Сігналы часу.
т. 14, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)