раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,
штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт.становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах. Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав. Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.Родзевіч (псеўд. Р.Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах. Беларусі пісаў С.Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб.АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз.т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),
пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САХА́»,
сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.Павалковіч (1927), М.Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.Петрашкевіч, К.Сініцкі, Я.Пачопка (Я.Башкір), Ю.Бусел, Я.Крыўка, Я.Дыла (Н.Бываеўскі), Л.Папроцкі, Уласаў, А.Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.Войцікава (З.Верас), М.Манцэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ТРОХ ІМПЕРА́ТАРАЎ»,
сукупнасць пагадненняў паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1873—84. Пачаты пагадненнем Аўстра-Венгрыі і Расіі, падпісаным 6.6.1873 Аляксандрам II і Францам Іосіфам I; 23.10.1873 да яго далучылася Германія. Пагадненне прадугледжвала агульнасць палітыкі, кансультацыі ў выпадку ўскладнення міжнар.становішча. Імператары абавязваліся сілай падтрымліваць мір у Еўропе. Уступленнем у саюз Расія імкнулася не дапусціць змовы Аўстрыі і Германіі за кошт яе інтарэсаў на Балканах, захаваць землі, набытыя ў Сярэдняй Азіі ў выпадку абвастрэння супярэчнасцей з Англіяй; Германія — перашкодзіць збліжэнню Францыі і Расіі. Саюз не быў трывалым і не ліквідаваў супярэчнасцей паміж саюзнікамі. Калі руска-герм. адносіны пагоршалі, Германія і Аўстрыя ў 1879 заключылі тайны дагавор, накіраваны супраць Расіі. Баючыся далейшага збліжэння Германіі і Аўстра-Венгрыі, Расія згадзілася аднавіць саюз, і ў 1881 быў заключаны руска-аўстрыйска-герм. дагавор, які абавязваў гэтыя дзяржавы трымацца нейтралітэту ў выпадку вайны адной з іх з інш. дзяржавай. Бакі абавязваліся лічыцца з інтарэсамі адзін аднаго на Балканах і не дапускаць змены граніц Турцыі. У 1884 дагавор прадоўжаны на 3 гады. У 1887 заменены рус.-герм. дагаворам.
Літ.:
Сказкин С.Д. Конец австро-русско-германского союза. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку п), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),
нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел.с.-д. партыю (А.Аўсянік, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.В.Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.А.Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.С.Кахановіч, В.Ц.Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.І.Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш.нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел.сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».
А.М.Сідарэвіч.
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.Аўсянік, Ф.Ярэміч, П.Валошын; у 2-м радзе — В.Багдановіч, М.Кахановіч, Б.Тарашкевіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў; стаяць: В.Рагуля, С.Якавюк, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла. Варшава. 1923.