ФАНТА́НЕ (Fontane) Тэадор (30.12.1819, Нойрупін, Германія — 20.9.1898),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў у 1830-я г. як паэт (песні і балады ў духу шатл. нар. паэзіі). Аўтар раманаў «Пуцявіны-раздарожжы» (1888), «Пані Жэні Трайбель» (1892), «Штэхлін» (1899), аповесцей «Грэшніца» (1882), «Шах фон Вутэнаў» (1883), «Сціна» (1888), «Погенпулы» (1896) і інш., у якіх праблемы асобы і гіст. прагрэсу, саслоўнай няроўнасці, сапр. пачуцця і афіц. маралі, становішча жанчыны ў грамадстве Вяршыня яго творчасці — сац.-псіхал. раман «Эфі Брыст» (1895), у якім прыватны канфлікт набывае філас. сэнс.
Творы Ф. адметныя лаканізмам, псіхалагізмам, дыферэнцыраванасцю характарыстык. Аўтар кніг нарысаў і рэпартажаў пра Англію, Шатландыю, Францыю, гіст.-этнагр. нарысаў, навел, вершаў, літ. і тэатр. крытыкі. На бел. мову асобныя вершы Ф. пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус. пер. — Эффи Брист. М., 1960;
Шах фон Вутенов;
Пути-перепутья;
Госпожа Женни Трайбель. М., 1971.
Е.А.Лявонава.
т. 16, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)