ТЫ́НБЕРГЕН (Tinbergen) Ян (12.4.1903, Гаага — 1994),

нідэрландскі эканаміст; адзін з заснавальнікаў эканаметрыкі Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1926). З 1929 у Цэнтр. бюро статыстыкі (Гаага). З 1931 у Амстэрдамскім ун-це, з 1933 праф. Нідэрландскай школы эканомікі (г. Ротэрдам). У 1936—1948 у Лізе Нацый (Жэнева). У 1945—55 кіраўнік Цэнтр. бюро планавання, у 1965—72 старшыня камітэта па планаванні ААН. Навук. працы па тэорыі эканам. палітыкі, даследаваннях эканам. цыклаў у ЗША, праблемах эканам. планавання ў краінах, што развіваюцца. Аўтар тэорыі «аптымальнага ладу» (адзін з варыянтаў тэорыі канвергенцыі). Распрацаваў мадэль прагназавання эканам. палітыкі Нідэрландаў. Нобелеўская прэмія 1969 (з Р.​Фрышам).

Тв.:

On the theory of economic policy. Amsterdam, 1952;

Economic policy: Principles and design. Amsterdam, 1956.

Я.Тынберген.

т. 16, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛКІНСАН (Wilkinson) Джэфры (н. 14.7.1921, Тодмардэн, Вялікабрытанія),

англійскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў металаарган. хіміі пераходных элементаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1965). Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхналогіі (Лондан; 1941). З 1943 удзельнік Англа-амерыканска-канадскага праекта па атамнай энергіі, з 1946 у Каліфарнійскім (г. Берклі, ЗША), з 1951 у Гарвардскім ун-тах, з 1956 праф. Лонданскага ун-та. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Устанавіў будову («сэндвічавую» структуру) ферацэну (1952; разам з Р.Б.Вудвардам). Адкрыў каталізатар гамагеннага гідрыравання алефінаў і ацэтыленавых вуглевадародаў — комплекснае злучэнне родыю RhCl[(C6H5)3P]3 (каталізатар У.; 1958). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Э.О.Фішэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Современная неорганическая химия. 4.1—3. М., 1969 (разам з Ф.​А.​Котанам);

Основы неорганической химии. М., 1979 (з ім жа).

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛЬЯМС (Williams) Джодзі (н. 9.10.1950, Путні, штат Вермонт, ЗША),

амерыканская грамадская дзяячка, якая ўдзельнічала ў розных міжнар. дабрачынных праграмах. Скончыла Школу паглыбленых міжнар. даследаванняў імя Дж.​Хопкінса (1984). З 1984 адна з каардынатараў Адукацыйнага праекта ў Нікарагуа і Гандурасе, з 1986 нам. дырэктара Праграмы мед. дапамогі для Сальвадора, з 1992 каардынатар Сусв. кампаніі за забарону супрацьпяхотных мін. У межах апошняй кампаніі наведала шмат краін, дзе сустракалася з прадстаўнікамі ўрадаў і грамадскасці, арганізоўвала лекцыі і семінары (на пач. 1990-х г. у раёнах узбр. канфліктаў засталося больш за 110 млн. неабясшкоджаных мін). Вынікам яе намаганняў стаў міжнар. дагавор пра забарону супрацьпяхотных мін, які да канца 1990-х г. падпісалі больш за 100 краін. Нобелеўская прэмія міру 1997 (з Сусв. кампаніяй за забарону супрацьпяхотных мін).

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТЧ (Fitch) Вал Логсдан (н. 10.3.1923, г. Мерыман, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1966). Скончыў ун-т Мак-Гіла (г. Манрэаль, 1948), Калумбійскі ун-т (1954). З 1954 у Прынстанскім ун-це (з 1960 праф.). У 1987—88 прэзідэнт Амер. фіз. т-ва. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў масу μ​+-мезона, адкрыў мю-мезаатамы, удакладніў значэнне радыуса пратона (1953, з Л.​Дж.Рэйнуотэрам). Эксперыментальна выявіў парушэнне СР-сіметрыі ў распадах нейтральных К-мезонаў (1964, з Дж.У.Кронінам і інш.). Нобелеўская прэмія 1980 (з Кронінам). Нац. навук. медаль ЗША (1993).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие несохранении комбинированной четности // Успехи физ. наук. 1981. Т. 135, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Л.Фітч.

т. 16, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР (Fischer) Эміль Герман (9.10.1852, г. Эйскірхен, Германія — 15.7.1919),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік, стваральнік навук. школы, заснавальнік хіміі прыродных злучэнняў. Замежны ганаровы чл. С.-Пецярбургскай АН (1913). Скончыў Страсбургскі ун-т (1874). З 1879 у Мюнхенскім, з 1882 у Эрлангенскім, з 1885 у Вюрцбургскім, з 1892 у Берлінскім ун-тах. Прэзідэнт Ням. хім. т-ва (1894—95, 1902, 1906). Навук. працы па хіміі вугляводаў, бялкоў, пурынавых злучэнняў. Даследаваў амінакіслотны састаў бялкоў. Прапанаваў простую наменклатуру для вугляводаў (1890), распрацаваў іх класіфікацыю. Упершыню выкарыстаў для сінтэзу хім. злучэнняў ферменты (1894). Даказаў, што амінакіслоты звязваюцца паміж сабою пры дапамозе карбаксільнай групы і амінагрупы і ўтвараюць пептыды (1902). Нобелеўская прэмія 1902.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1979.

Э.Г.Фішэр.

т. 16, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЖКІН (Hodgkin) Алан Лойд (5.2.1914, г. Бэнберы, Вялікабрытанія — 20.12.1998),

англійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1948, у 1970—75 яго прэзідэнт). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук, Каралеўскай АН Даніі (1964), Нац. АН Індыі, Каралеўскай акадэміі Ірландыі, замежны чл. Рас. АН (1976). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1936). З 1939 навук. кансультант Мін-ва ВПС і Мін-ва авіяц. прам-сці, з 1945 у Кембрыджы (1970—81 праф. біяфізікі). З 1971 канцлер Лестэрскага ун-та. У 1978—84 кіраўнік Трыніты-каледжа. Навук. працы па фізіялогіі нерв. клеткі, механізмах узбуджэння і тармажэння. Аўтар асн. тэорый аб ролі іонных градыентаў у генерацыі нерв. імпульсу. Стваральнік сучаснай мембраннай тэорыі ўзнікнення біяэл. патэнцыялаў. Нобелеўская прэмія 1963 (з А.Ф.Хакслі, Дж.К.Эклсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Л.Ходжкін.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАНКО́Ў Павел Аляксеевіч (28.7.1904, с. Новая Чыгла Варонежскай вобл., Расія — 6.1.1990),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1964). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Варонежскі ун-т (1928). З 1930 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1948 праф. Маскоўскага энергет. ін-та і з 1951 — Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы, ядз. фізіцы і фізіцы касм. прамянёў, паскаральнай тэхніцы. Эксперыментальна выявіў новую фіз. з’яву (гл. Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), на аснове якой распрацаваў метады рэгістрацыі зараджаных часціц (гл. Чаранкоўскі лічыльнік). Прымаў удзел у распрацоўцы і стварэнні першых сінхратронаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952, 1977. Нобелеўская прэмія 1958 (з І.Я.Тамам і І.М.Франкам).

Тв.:

Нобелевские лекции. М., 1960 (разам з І.​Я.​Тамам, І.​М.​Франкам).

П.А.Чаранкоў.

т. 17, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРПА́К (Charpak) Жорж (н. 1.8.1924, г. Дубровіца Ровенскай вобл., Украіна),

французскі фізік. Чл. Франц. АН (1985). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1986), Рас. АН (1994). З 1932 у Францыі. Скончыў Калеж дэ Франс (1954). З 1948 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, у 1959—91 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў (Швейцарыя). Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій, распрацоўцы сродкаў дэтэктыравання элементарных часціц. Вынайшаў шматправадную прапарцыянальную камеру (камера Ш., 1968), якая дазволіла адкрыць шэраг элементарных часціц і знайшла выкарыстанне ў медыцыне, біялогіі і прам-сці. Нобелеўская прэмія 1992.

Тв.:

Рус. пер. — Электронная визуализация ионизирующего излучения с помощью ограниченного лавинного разряда в газах // Успехи физ. наук. 1993. Т. 163, № 10;

Жизнь как связующая нить. Ижевск, 2001 (разам з Д.​Садзінос).

М.​М.​Касцюковіч.

Ж.Шарпак.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НСАН (Johnson) Эйвінд Улуф Вернер (29.7.1900, Салтшабадэн, Швецыя — 25.8.1976),

шведскі пісьменнік. Ганаровы д-р Гётэбаргскага ун-та (1953). Чл. Швед. акадэміі (1957). Першы зб. навел «Чатыры незнаёмцы» (1924). Уплывы псіхааналізу ў рамане «Успаміны» (1928), л-ры «плыні свядомасці» ў «Каментарыях да падзення зоркі» (1929). У аўтабіягр. цыкле раманаў пра Улуфа (1934—37) лёсы рабочай моладзі. Антыфаш. накіраванасць маюць раман «Начныя манеўры» (1938) і трылогія «Крылон» (1941—45). Гіст. раманы «Мары пра ружы і агонь» (1949), «Хмары над Метапансьёнам» (1957) прасякнуты сімвалізмам. Раман «Эпоха яго вялікасці» (1960) пра кіраванне Карла Вялікага. Аўтар філас. рамана «Прыбой» (1946, на сюжэт «Адысеі»), раманаў «Доўгі дзень жыцця» (1964), «Некалькі крокаў у цішыню» (1973), зборнікаў навел і інш. Нобелеўская прэмія 1974 (з Х.Э.Марцінсанам).

Э.Юнсан.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГ (Berg) Пол (н. 30.6.1926, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік; адзін з заснавальнікаў генетычнай інжынерыі. Чл. Нац. АН ЗША (1966), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1966), замежны чл. Франц. АН (1981). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1948) і ун-т Вестэрн-Рэзерв (1952; г. Кліўленд). З 1953 ва ун-це Дж.​Вашынгтона (г. Сент-Луіс), з 1959 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па біяхіміі нуклеінавых к-т, малекулярнай біялогіі. Атрымаў рэкамбінантныя (складзеныя з генаў розных арганізмаў) малекулы дэзоксірыбануклеінавай к-ты (ДНК). Ініцыятар часовай забароны даследаванняў такіх ДНК да высвятлення іх бяспекі для чалавецтва («мараторый Б.»; 1974). Нобелеўская прэмія 1980 (з У.Гілбертам, Ф.Сенгерам).

Тв.:

Рус. пер. — Гены і геномы. Т. 1—2. М., 1998 (разам з М.​Сінгер).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)