УІ́ЛЬЯМС (Williams) Джодзі (н. 9.10.1950, Путні, штат Вермонт, ЗША),

амерыканская грамадская дзяячка, якая ўдзельнічала ў розных міжнар. дабрачынных праграмах. Скончыла Школу паглыбленых міжнар. даследаванняў імя Дж.​Хопкінса (1984). З 1984 адна з каардынатараў Адукацыйнага праекта ў Нікарагуа і Гандурасе, з 1986 нам. дырэктара Праграмы мед. дапамогі для Сальвадора, з 1992 каардынатар Сусв. кампаніі за забарону супрацьпяхотных мін. У межах апошняй кампаніі наведала шмат краін, дзе сустракалася з прадстаўнікамі ўрадаў і грамадскасці, арганізоўвала лекцыі і семінары (на пач. 1990-х г. у раёнах узбр. канфліктаў засталося больш за 110 млн. неабясшкоджаных мін). Вынікам яе намаганняў стаў міжнар. дагавор пра забарону супрацьпяхотных мін, які да канца 1990-х г. падпісалі больш за 100 краін. Нобелеўская прэмія міру 1997 (з Сусв. кампаніяй за забарону супрацьпяхотных мін).

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)