ТРАМБАЦЫ́ТЫ (ад тромб + грэч. kytos клетка), крывяныя пласцінкі,

форменныя элементы крыві пазваночных жывёл і чалавека. У многіх жывёл Т. — дробныя акруглыя клеткі са шчыльным ядром; у млекакормячых жывёл і чалавека — бяз’ядзерныя, дыскападобныя пласцінкі дыям. 2—5 мкм. У 1 мм​3 крыві чалавека змяшчаецца 180—320 тыс. Т. Адрозніваюць 5 асн. відаў Т.: маладыя (1—5%), спелыя (88%), старыя (4%), дэгенератыўныя (да 2%), гіганцкія формы раздражнення (2%). Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу (66—80 тыс. у 1 мм​3 крыві за дзень). Функцыі Т.: спыненне крывацёку пры пашкоджанні сценкі сасудаў, забеспячэнне згусальнасці крыві, удзел у гаенні ран і інш. Памяншэнне колькасці Т. суправаджаецца дыятэзам гемарагічным, павелічэнне вядзе да трамбозу крывяносных сасудаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІФІКА́ЦЫЯ ў тэхніцы,

прывядзенне розных відаў прадукцыі, сродкаў іх вытв-сці, элементаў, тэхнал. працэсаў, значэнняў параметраў да рацыянальнага мінімуму форм, тыпапамераў, структур, саставаў і г.д. Ажыццяўляецца пасля тыпізацыі, з’яўляецца найб. пашыраным і эфектыўным метадам стандартызацыі.

Канструктыўная У. — прывядзенне канструктыўных рашэнняў машын, прылад, быт. вырабаў, іх частак, вузлоў і дэталей да мінім. тэхнічна абгрунтаванай колькасці тыпаў з захаваннем прынцыпу пераемнасці, паводле якога ў новых вырабах максімальна выкарыстоўваюць існуючыя стандартызаваныя вузлы і дэталі з магчыма большым лікам аднолькавых базавых і далучальных памераў. Гэта забяспечвае ўзаемазамяняльнасць і шматразовае выкарыстанне правераных канструкцый, дазваляе ажыццяўляць агрэгатаванне машын. У. памераў — прывядзенне памераў дэталей, вузлоў і вырабаў да пэўнага мінімуму тыпапамераў, што скарачае расход матэрыялаў і павялічвае выпуск прадукцыі.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАМО́НЫ (ад грэч. phero нясу + hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і ўплываюць на паводзіны ці фізіял. стан інш. асобін таго ж віду. Вырабляюцца Ф. спец. залозамі ці клеткамі, успрымаюцца хемарэцэптарамі (напр., органамі нюху). Паводле хім. будовы Ф. разнастайныя (тэрпеноіды, стэроіды, насычаныя і негранічныя к-ты, альдэгіды, спірты і інш.). Паводле функцыі вылучаюць палавыя Ф. (палавыя атрактанты, афрадызіякі), якія забяспечваюць сустрэчу і ідэнтыфікацыю асобін рознага полу і стымулююць палавыя паводзіны; Ф. трывогі (выклікаюць рэакцыі ўцякання, затойвання); агрэгацыйныя Ф. (забяспечваюць збіранне вял. колькасці асобін на абмежаванай плошчы); следавыя, для мечання тэрыторыі і інш. Выкарыстоўваюцца як біял. метад барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Феромоны и поведение. М., 1982.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ФА́ЗАВАГА ПЕРАХО́ДУ,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву (ці адвесці ад яго) пры раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным пераходзе рэчыва з адной фазы ў другую (фазавым пераходзе I роду — кіпенні, плаўленні, крышталізацыі, паліморфным ператварэнні і інш.). Існаванне Ц.ф.п. абумоўлена рознымі значэннямі энергій сувязі рэчыва ў адпаведных фазах. Для фазавага пераходу II роду Ц.ф.п. роўная нулю. Раўнаважны фазавы пераход пры дадзеным ціску адбываецца пры пастаяннай т-ры — т-ры фазавага пераходу. Ц.ф.п. роўная здабытку т-ры фазавага пераходу на рознасць энтрапій у дзвюх фазах, паміж якімі адбываецца пераход. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.ф.п., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль). Гл. таксама Цеплата выпарэння, Цеплата плаўлення.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ЖКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія маюць шчыльнасць больш за 2,8 г/см³. Складаюць невял. частку абломкавых горных парод, але вельмі разнастайныя (некалькі дзесяткаў мінер. відаў) і маюць рознае паходжанне. Асн. маса Ц.м. мае шчыльнасць 2,8—5 г/см³.

Паводле распаўсюджанасці ў зямной кары падзяляюцца на 3 групы: вельмі пашыраныя (амфіболы, гранаты, ільменіт, цыркон, эпідот — доля кожнага з іх 10—20% ад цяжкай фракцыі абломкавых парод); умерана пашыраныя (біятыт, ліманіт, магнетыт, турмалін, апатыт, піраксены, рутыл, стаўраліт, 1—10%); рэдкія — менш за 1% і ў выглядзе адзінкавых зерняў (дыстэн, сфен, лейкаксен, сіліманіт, мускавіт, тапаз, манацыт, глаўканіт і інш.). Аналіз колькасці Ц.м. у пародах праводзіцца пры пошукавых работах і палеарэканструкцыях.

У.​Я.​Бардон.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАСО́ШНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

вядучая галіна энергетыкі, якая ахоплівае праблемы атрымання вял. колькасці электраэнергіі, перадачу яе на значныя адлегласці і размеркаванне паміж спажыўцамі. Забяспечвае электрыфікацыю і мае важнае значэнне ў гаспадарцы любой прамыслова развітай краіны.

Развіццё Э. абумоўлена значнымі перавагамі эл. энергіі над інш. відамі энергіі — лёгкасцю перадачы на вял. адлегласці, яе размеркавання, пераўтварэння ў інш. віды энергіі (мех., цеплавую, хім. і інш.). Адметная рыса электраэнергіі — адначасовасць яе генерыравання і спажывання. Асн. яе частка вырабляецца на буйных электрастанцыях (цеплавых, гідраўл., атамных), якія аб’ядноўваюцца лініямі электраперадачы высокага напружання ў аўтаматызаваныя і цэнтралізавана кіроўныя электраэнергетычныя сістэмы. З дапамогай трансфарматарных падстанцый і размеркавальных электрычных сетак электраэнергія дастаўляецца да спажыўцоў. Гл. таксама Ветраэнергетыка, Гідраэнергетыка, Цеплаэнергетыка, Ядзерная энергетыка.

т. 18, кн. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎСТАТЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ ўзроўню мора

(ад грэч. eu добра + stasis стаянне на месцы, спакой, становішча),

павольныя (векавыя) змены ўзроўню Сусв. акіяна і звязаных з ім мораў; адна з прычын трансгрэсіі і рэгрэсіі мора. Адбываюцца ў выніку змены яго ёмістасці (запаўненне марскіх катлавін асадкамі, утварэнне новых форм рэльефу дна, аб’ёмістыя вывяржэнні падводных вулканаў і інш.) або колькасці вады ў ім (утварэнне і раставанне мацерыковых ільдоў — гляцыяэўстатызм). Мяркуюць таксама, што на колькасць вады ў акіяне ўплываюць фіз.-хім. працэсы ў глыбокіх нетрах Зямлі. Трансгрэсіі і рэгрэсіі мора адбываюцца і пад уплывам тэктанічных рухаў зямной паверхні, але яны больш лакальныя, і змены ўзроўню Сусв. акіяна пры гэтым уяўныя. Эўстатычныя рухі (эўстазія) былі вылучаны Э.​Зюсам у 1888.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЛАЎ (Yalow) Разалін Сасмен (н. 19.7.1921, Нью-Йорк),

амерыканскі вучоны ў галіне біяфізікі. Чл. Амер. Нац. АН. Д-р філасофіі (1945), засл. праф. (1974). Скончыла каледж Хантэр (1941) і з 1946 працавала ў ім. З 1950 у шпіталі ветэранаў г. Бронкс (з 1972 кіраўнік лабараторыі). Адначасова ў 1968—74 праф.-даследчык у мед. школе. У 1979—86 праф. мед. каледжа ва ун-це Йешыва. Навук. працы па выкарыстанні ізатопаў для ўстанаўлення колькасці гармонаў і метабалітаў у плазме крыві і тканках арганізма. Распрацавала радыеімуналагічны метад вымярэння інсуліну ў крыві (1959), а таксама паратырэоіднага гармону, гастрыну, кортыкатрапіну ў крыві і эндакрынных залозах. Нобелеўская прэмія 1977 (з Р.Гіймэнам і Э.В.Шалі). В.​Ф.​Ермакоў.

Р.С.Ялаў.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

сельскагаспадарчыя расліны, якія даюць ураджай у год сяўбы. Большасць Я.к. — аднагадовыя расліны, напр., збожжавыя — пшаніца, жыта, ячмень, авёс; крупяныя — проса, грэчка, рыс, кукуруза; зернебабовыя — гарох, фасоля, сачавіца, нут, соя; алейныя — сланечнік, рапс, кунжут; прадзільныя — лён, бавоўнік, каноплі; агароднінныя — агурок, кабачок; кармавыя — сырадэля, яравая віка, суданская трава. Да Я.к. адносяць таксама двухгадовыя расліны, якія даюць ураджай у год сяўбы (капуста, морква, буракі і інш.) і шматгадовыя, якія вырошчваюцца ў аднагадовай культуры (памідоры, тытунь і інш.).

Для нармальнага развіцця Я.к. (у адрозненне ад азімых культур) патрабуюць больш кароткага (веснавога) перыяду ўздзеяння паніжаных т-р (3—12 °C), дастатковай колькасці вільгаці; пажыўных рэчываў і цяпла ў найб. важныя фазы росту і развіцця.

т. 18, кн. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)