ФЕРАМО́НЫ (ад грэч. phero нясу + hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і ўплываюць на паводзіны ці фізіял. стан інш. асобін таго ж віду. Вырабляюцца Ф. спец. залозамі ці клеткамі, успрымаюцца хемарэцэптарамі (напр., органамі нюху). Паводле хім. будовы Ф. разнастайныя (тэрпеноіды, стэроіды, насычаныя і негранічныя к-ты, альдэгіды, спірты і інш.). Паводле функцыі вылучаюць палавыя Ф. (палавыя атрактанты, афрадызіякі), якія забяспечваюць сустрэчу і ідэнтыфікацыю асобін рознага полу і стымулююць палавыя паводзіны; Ф. трывогі (выклікаюць рэакцыі ўцякання, затойвання); агрэгацыйныя Ф. (забяспечваюць збіранне вял. колькасці асобін на абмежаванай плошчы); следавыя, для мечання тэрыторыі і інш. Выкарыстоўваюцца як біял. метад барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Феромоны и поведение. М., 1982.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)