РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),

апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААВЕ́ДРА ЛА́МАС ((Saavedra Lamas) Карлас) (1.11.1878, Буэнас-Айрэс — 5.5.1959),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Буэнас-Айрэса (1903). Прафесар. З 1908 дэпутат парламента Аргенціны. З 1915 міністр юстыцыі і грамадз. адукацыі, у 1932—38 міністр замежных спраў. 3.8.1932 у сваёй міністэрскай дэкларацыі сфармуляваў прынцыпы міжнар. адносін, якія былі пакладзены ў аснову Сааведра Ламаса пакта 1933. У 1935 выконваў ролю пасрэдніка ў мірным урэгуляванні ўзбр. канфлікту паміж Парагваем і Балівіяй. У 1941—43 прэзідэнт ун-та Буэнас-Айрэса. Нобелеўская прэмія міру 1936.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦІ́ (франц. sotie ад sot дурны),

камедыйна-сатырычны жанр франц. т-ра 15—16 ст., варыянт фарса. Узнік на аснове сярэдневяковых парадыйна-блазнерскіх прадстаўленняў. У С. ўсе персанажы выступалі ў абліччы «дурняў» (да звычайнага блазнерскага касцюма дадавалі атрыбуты, што сімвалізавалі іх пэўны тып), якія алегарычна пазначалі розныя заганы грамадства. Ствараліся і разыгрываліся аматарскімі тэатр. т-вамі, з якіх найб. вядомы «Бестурботныя хлопцы» (Парыж). У канцы 16 ст. выкананне С., якія выкарыстоўваліся буржуазіяй як форма крытыкі каралеўскай і папскай улады, былі забаронены.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦКІ СУД,

прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

катэгорыя феад.-залежных сялян ВКЛ у 16 ст., гал. павіннасцю якіх была асада. Паводле «Уставы на валокі» 1557 яны, як і цяглыя сяляне, плацілі чынш, давалі дзякла і стацыю натурай або грашамі, адбывалі талокі і згоны. Кошт усіх асн. павіннасцяў складаў 106 грошаў з валокі добрай зямлі і 66 грошаў з валокі дрэннай зямлі. Асадныя сяляне пераважалі ў дзярж. уладаннях і складалі значную колькасць у маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварка доля Асадных сялян змяншалася. На У Беларусі большасць сялян былі асадныя.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.​Стэцкі, М.​Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.​Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.​Галаўчынера, «Лодачніца» М.​Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона, «Лісічкі» Л.​Хелман, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Рускае пытанне» К.​Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл. Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАРО́Ў,

вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.

Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЦКІ (Іоў) (свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),

дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.​Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,

літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.​Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, У.​Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)