МАГІСТРАТУ́РА (ад лац. magistratus саноўнік, начальнік),

1) у Стараж. Рыме сукупнасць найвышэйшых дзярж. пасад, т.зв. магістратаў рымскіх (найвышэйшымі былі дыктатар, консул, прэтар, ваен. трыбун). Выбіраліся нар. сходамі, т.зв. каміцыямі, тэрмінам на 1 год. У 1 ст. н.э. з пераходам вышэйшай улады да імператара страцілі значэнне.

2) У сучасным канстытуцыйным праве карпарацыя службоўцаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць функцыі суда і пракурорскага нагляду; у ЗША — сукупнасць усіх дзярж. чыноўнікаў.

3) Сістэма і форма падрыхтоўкі спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй (са ступенню бакалаўра) у большасці краін на працягу 1—2 гадоў, на Беларусі — 1,5—2 гады. Гл. таксама Магістр.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)