ТУ́РАЎ Віктар Цімафеевіч (25.10.1936, г. Магілёў — 31.10.1996),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). З 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1991—96 маст. кіраўнік майстэрні рэжысуры ігравога кіно Бел. АМ. Дэбютаваў дакумент. нарысамі «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960) і ігравымі навеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва»), «Зорка на спражцы» (1962, фільм «Маленькія летуценнікі»). Дзяцінства, апаленае вайной, у лірыка-паэтычных фільмах «Праз могілкі» (1964, паводле П.​Ніліна; рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 уключаны ў лік. лепшых 100 фільмаў свету), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969, паводле А.​Адамовіча). Тэма сувязі ваен. і пасляваен. пакаленняў у фільмах «Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979, прыз на 13-м Усесаюзным кінафестывалі, 1980), «Меншы сярод братоў» (1985). Бел.-польскай барацьбе з фашыстамі прысвечаны фільм «Пераправа» (1987, сумесна з Польшчай). Увага да першакрыніцы, сугучнасць з вобразамі «Запісак паляўнічага» І.​Тургенева ў тэлефільме-экранізацыі «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971). Дзецям адрасаваны тэлефільм «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1973, паводле С.​Маршака). Хараство бел. прыроды, высакароднасць нар. характараў увасоблены ў экранізацыі «Палескай хронікі» І.​Мележа — кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1984; гал. прыз на 15-м Усесаюзным кінафестывалі, 1982; прызы Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах, Чэхія, 1982; у Маніле, Філіпіны, 1983), «Подых навальніцы» (1982); у тэлефільмах «Апейка» (1982), «Блізкае і далёкае» (1984). Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы «Уваскрэсная ноч» (1976, паводле А.​Петрашкевіча), «Высокая кроў» (1990), «Чорны бусел» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю у г. Нові-Сад, Югаславія). У стужцы «Шляхціц Завальня...» (1990, паводле Я.​Баршчэўскага) старадаўняя Беларусь паказана ў жанры фантастычных легенд і паданняў. У 1976—81 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гудкова Л. В.​Туров. М., 1984;

Бондарева Е. От сердца — к сердцу. Мн., 2001.

В.​Ф.​Нячай.

В.Ц.Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛС (Wells) Герберт Джордж (21.9.1866, Бромлі, каля Лондана — 13.8.1946),

англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў жанру навук. фантастыкі. Скончыў Лонданскі ун-т (1888). Д-р біял. н. (1942). Першы літ. твор — аповесць «Арганаўты хронасу» (1888; накід рамана «Машына часу», 1895). Аўтар сац.-паліт. твораў, напісаных у навук.-фантаст. жанры: «Востраў доктара Мора» (1896), «Чалавек-невідзімка» (1897), «Вайна сусветаў» (1898), «Першыя людзі на Месяцы» (1901), «Ежа багоў» (1904), «У дні каметы» (1906) і інш.; сац.-быт. раманаў: «Колы фартуны» (1896), «Каханне і містэр Люішэм» (1900), «Кіпс» (1905), «Анна-Вероніка» (пра эмансіпацыю жанчыны), «Тона-Бенге» (абодва 1909), «Білбі» (1915) і інш.; раманаў-трактатаў: «Сучасная утопія» (1905), «Новы Макіявелі» (1911) і інш. У рамане «Вызвалены свет» (1914) праблема выкарыстання атамнай энергіі ў ваен. і мірны час, у кн. артыкулаў «Вайна, якая скончыць з войнамі» (1914) і рамане «Містэр Брытлінг п’е чашу да дна» (1916) супярэчлівыя адносіны да 1-й сусв. вайны. Выступіў з антыфаш. раманамі: «Напярэдадні» (1927), «Самадзяржаўе містэра Паргема» (1930), аповесцю «Гулец у кракет» (1936) і інш. Прапаганда рэлігіі у аповесцях «Бог — нябачны кароль», «Душа епіскапа» (абедзве 1917) і інш. Аўтар навук.-папулярнай кн. «Навука жыцця» (т. 1—3, 1930; з Дж.​Хакслі), шматлікіх п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Уражанні ад паездак у Расію ў кнігах «Расія ў змроку» (1920), «Вопыт аўтабіяграфіі» (1934). На бел. мову яго асобныя раманы пераклаў Т.​Тамашэвіч. На бел. сцэне паводле аднайм. рамана У. пастаўлены спектакль «Чалавек-невідзімка» (1981). Многія яго творы экранізаваны.

Тв.:

Бел. пер. — Вайна ў паветры. Мн., 1931;

Першыя людзі на Месяцы. Мн., 1931;

На дне акіяна. Мн., 1939;

У кн.: Уэлс Г. Вайна сусветаў;

Чалавек-невідзімка;

Лагерлёф С. Пярсцёнак Лёвеншольдаў; Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—15. М., 1964.

Літ.:

Кагарлицкий Ю.И. Герберт Уэллс: Очерк жизни и творчества. М., 1963;

Любимова А.Ф. Проблематика и поэтика романов Г.​Уэллса 1900—1940-х гг. Иркутск, 1990;

Левидова И.М., Парчевская Б.М. Г.​Дж.​Уэллс: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз., 1898—1965. М., 1966.

Г.​Дж.Уэлс.

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),

від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.​Дз.​Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕТЫШЫ́ЗМ (франц. fétichisme ад партуг. feitięo амулет),

вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і іх ушанаванне. Узнік у перыяд першабытнага грамадства; быў пашыраны ва ўсіх першабытных народаў. Характэрны, хоць і не ў аднолькавай ступені, для ўсіх рэлігій (напр., шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, «чорнага каменя» ў г. Мекка ў ісламе і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з’яўляецца вера ў амулеты, абярэгі, талісманы.

Тэрмін «фетыш» уведзены ў навуку галандскім падарожнікам В.​Босманам у пач. 18 ст. Франц. асветнікі разглядалі Ф. як архаічную форму рэлігіі, звязаную з неадукаванасцю.

Г.​Гегель бачыў у Ф. форму чараўніцтва, імкненне чалавека ажыццяўляць ускосную ўладу над прыродай пры дапамозе фетыша. К.​Маркс лічыў Ф. з’явай не толькі рэлігійнай і ўвёў паняцце «таварнага фетышызму», пад якім разумеў грамадскі працэс надзялення прадуктаў працы звышнатуральнымі ўласцівасцямі, абумоўлены «арэчаўленнем» сац. адносін. Э.​Б.​Тайлар, Г.​Спенсер разглядалі Ф. як адну з форм анімізму.

На бел. землях Ф. адлюстраваны ў стараж. павер’ях пра здольнасці асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вял. энергію і магічную сілу. Паводле старадаўніх уяўленняў беларусаў, у глыбокай старажытнасці камяні былі жывымі істотамі: маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і інш. Асобныя «свяшчэнныя камяні» мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Культ камянёў быў даволі пашыраны на Беларусі: камяні ўшаноўвалі, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, рабілі ім ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл); рэшткі гэтага культу назіраюцца ў некат. бел. вёсках да нашага часу. Гл. таксама Прошча.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу: Опыт сравнит. изучения славян. преданий и верований в связи с мифич. сказаниями других родственных народов. Т. 1—3. М., 1995;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Тайлор Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре: Пер. с англ. Смоленск, 2000;

Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ЭЛЕМЕНТА́РНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

раздзел фізікі, які вывучае ўласцівасці і ўзаемадзеянні элементарных часціц як асн. адзінак мікраструктуры матэрыі, першасных крыніц і носьбітаў усіх фундаментальных узаемадзеянняў. Падзяляецца на тэорыю элементарных часціц і эксперым. Ф.э.ч. (фізіку высокіх энергій). Эксперым. база Ф.э.ч. — паскаральнікі зараджаных часціц, тэарэт. фундамент — квантавая тэорыя поля.

Даследаванні ў галіне Ф.э.ч. пачаліся пасля адкрыцця электрона (1897, Дж.​Дж.Томсан) і пратона (1919, Э.Рэзерфард), выказвання гіпотэзы пра існаванне фатонаў (1905, А.Эйнштэйн). У 1932 у касм. прамянях адкрыта антычасціца — пазітрон, тэарэтычна прадказаны П.А.М.Дзіракам (1928). Пасля адкрыцця нейтрона (1932) устаноўлена, што атамныя ядры ўсіх элементаў складаюцца з пратонаў і нейтронаў (1932). У выніку адкрыты новыя тыпы фундаментальных узаемадзеянняў: моцнае і слабае. І.Я.Там, Дз.​Дз.Іваненка і Х.Юкава (1935) заклалі асновы тэорыі моцных узаемадзеянняў (ядз. сіл.). Пасля прадказання існавання нейтрына (В.Паўлі; 1930) Э.Фермі пабудаваў варыянт тэорыі слабых узаемадзеянняў (1933). Ў касм. прамянях выяўлены мюоны (1936) і піоны (1947), у 1950-я г. адкрыты т.зв. дзіўныя часціцы. На пратонных паскаральніках адкрыты антыпратон (1955), антынейтрон (1956) і інш. антыбарыёны. Устаноўлены характэрныя для слабых узаемадзеянняў з’явы незахавання прасторавай (1955) і камбінаванай (1964) цотнасцей. Выяўлена існаванне электроннага і мюоннага (1962), а пазней тау-лептоннага (1975) нейтрына. На аснове класіфікацыі адронаў па мультыплетах (гл. Унітарная сіметрыя) узнікла гіпотэза: усе адроны складаюцца з розных камбінацый кваркаў і антыкваркаў. Сучасная калібровачная палявая тэорыя ўзаемадзеянняў элементарных часціц сцвярджае, што першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў з’яўляюцца лептоны і кваркі, а іх носьбітамі — кванты калібровачных вектарных палёў (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Кваркі і лептоны параджаюць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні, якія пераносяцца адпаведна фатонамі і слабымі калібровачнымі вектарнымі базонамі (паводле аб’яднанай тэорыі электраслабых узаемадзеянняў). Кваркі з’яўляюцца таксама першаснымі крыніцамі моцных узаемадзеянняў, якія пераносяцца глюонамі (гл. Квантавая хромадынаміка). Гл. таксама Фундаментальныя часціцы.

На Беларусі даследаванні ў галіне Ф.э.ч. распачаты ў 1936 Ф.​І.​Фёдаравым у БДУ; з 1955 праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, Нац. цэнтры фізікі часціц высокіх энергій, НДІ ядз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це і інш.

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.​А.​Богуш.

т. 16, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАПАТАЛО́ГІЯ (ад фіта... + паталогія),

навука пра хваробы раслін, спосабы і метады аховы ад іх. Агульная Ф. вывучае біялогію ўзбуджальнікаў хвароб, прычыны і ўмовы ўзнікнення, заканамернасці развіцця і пашырэння хвароб, іх масавых успышак (эпіфітоцый), пытанні імунітэту і каранціну раслін, распрацоўвае прыёмы і сродкі папярэджвання, узнікнення і развіцця хвароб. Звязана з мікалогіяй, батанікай, мікрабіялогіяй, генетыкай, анатоміяй і фізіялогіяй раслін. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя хваробы раслін і звязана з аграхіміяй, глебазнаўствам, раслінаводствам і інш.

Хваробы раслін упершыню класіфікаваў франц. батанік Ж.​Турнефор у пач. 18 ст. У 2-й пал. 18 ст. (даследаванні А.​Ц.​Болатава ў Расіі, А.​Тымета ў Францыі, Ф.​Фантана ў Італіі) даказана патагеннасць галаўні, спарынні, іржаўчыны. У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоны А. Дэ Бары і рас. М.​С.​Варонін вызначылі, што прычынай многіх хвароб з’яўляюцца грыбы. З канца 19 ст. Ф. як комплексная навука вывучае хваробы, што выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі і інш.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Ф. вядуцца з 1923 на Бел. станцыі аховы раслін, пазней у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкім с.-г. ін-це, Ін-це біял. навук; пасля Вял. Айч. вайны — у Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА, у н.-д. ін-тах земляробства, бульбаводства і плодаагародніцтва, у Бел. лесатэхн. ін-це і інш. (працы В.​Ф.​Купрэвіча, М.​А.​Дарожкіна, С.​М.​Тупяневіча, А.​Л.​Амбросава). З 1971 Бел. ін-т аховы раслін — асн. навук. цэнтр па пытаннях с.-г. Ф. Праводзяцца даследаванні па вывучэнні і ўдакладненні відавога складу ўзбуджальнікаў хвароб раслін, асаблівасцей іх біялогіі, дынаміцы пашырэння і развіцця хвароб, іх шкоднасці і інш.

Літ.:

Федоров Н.И., Усеня В.В., Гаврилова Л.А. и др. Белорусская научная школа по охране и защите леса — 75 лет развития // Лесной науке в Беларуси — 75 лет: Юбил. сб. науч. тр. Ин-та леса Нац. АН Беларуси. 1997. Вып. 47;

Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков. Барановичи, 1998;

Буга С.Ф. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №1.

С.​Ф.​Буга.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКЕ́ВІЧ Вандалін Аляксандравіч (10.12.1852, в. Нача Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 1.12.1919),

бел. археолаг, антраполаг, краязнавец і этнограф. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Адукацыю атрымаў у Вільні. З 1872 жыў у в. Нача. З 1883 даследаваў курганныя і бескурганныя могільнікі каля вёсак Нача, Нузелі (Пузельская гара), Апонаўцы, Гаворскія, Тоўцішкі, Сабакінцы (Першамайская), Клябанія (Папяржыня), Нарбутова. Дварчаны, Вензаўшчына, Сырні, Чарнішкі. Толькі на тэр. Лідскага пав. даследаваў 120 каменных магіл (да 1915 абследаваў 170). Першы з бел. археолагаў раскапаў 16 курганоў і 376 каменных магіл тыпу жальнікаў 13—14 ст. Вёў раскопкі каля Віцебска, Лепеля, Радашковіч, воз. Дрысвяты. Апублікаваў працы, прысвечаныя археал. знаходкам і раскопам, гісторыі і прыродзе Беларусі і Літвы: «Музей Федаровіча» (1900), «З мінулага Літвы» (1906), «Успаміны з года 1863» (1907), «Даўнія каралеўскія лясы ў Літве» і «Замак у Лідзе» (1911), «Раскопкі ў Начы (Лідскі пав.)» і «Мерач» (1912), «Возера Дрысвяты» і «Адміністрацыйныя і эканамічныя адносіны ў каралеўшчынах на Літве» (1913), «Трэпанаваныя чарапы з могільніка пад Начай» (1914) і інш. Традыц. нар. культуры беларусаў і інш. народаў (пераважна Віленшчыны) прысвяціў артыкулы: «Народныя вераванні і абрады (забабоны, прымхі, варожбы і г.д.), сабраныя ў Віленскай губерні» (выкарыстаў фалькл. запісы ўраджэнца Трокскага пав. У.​Абакановіча) і «Упрыгожаныя крыжы ў Віленскай губерні» (1903), «Нарысы з Белай Русі» і «Звычаі пры выпечцы хлеба ў Лідскім пав.» (1912), «Спосабы фарбавання пісанак у Лідскім пав.» (1913) і інш. Першы з бел. археолагаў (у садружнасці са спецыялістамі-хімікамі) пачаў рабіць аналізы стараж. знаходак. Запісаў шмат легенд і паданняў пра помнікі даўніны. Імкнуўся прасачыць эвалюцыю абраду пахавання ад эпохі латэну да часоў ВКЛ. Першы ўзняў праблемы даследавання Чорнай Русі як гіст. з’явы, надаваў асаблівае значэнне геагр. фактару яе засялення, спрабаваў даць прыкладную храналогію змены культур гэтага рэгіёна. Удзельнік 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Быў чл. Віленскага т-ва сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага т-ва. Частку матэрыялаў са сваёй археал. калекцыі перадаў у музеі Кракава, Пецярбурга, Масквы, Вільні.

Г.​А.​Каханоўскі, А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 17, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУКШЫ́Н Васіль Макаравіч (25.7.1929, с. Сросткі Бійскага р-на, Алтайскі край — 2.10.1974),

рускі пісьменнік, кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Друкаваўся з 1959. У зб-ках апавяданняў «Вясковыя жыхары» (1963), «Там, удалечыні» (1968), «Характары» (1973), гіст.-рэв. рамане «Любавіны» (ч. 1—2, 1965—87; фільм «Канец Любавіных», 1972), п’есе «Энергічныя людзі» (паст. 1974) і сцэнарыях фільмаў, у якіх выступаў і як рэжысёр («Жыве такі хлопец», 1964; «Печкі-лавачкі», 1972; «Каліна чырвоная», 1974; у двух апошніх выканаўца гал. ролі) праўдзівыя карціны тагачаснага жыцця. разнастайнасць сац.-псіхал. тыпаў. вобразы «дзівакоў», правінцыялаў, якія нясуць у сабе маральную чысціню і патрабавальнасць да жыцця. Творам Ш. ўласцівы драматызм канфліктаў у спалучэнні з гумарам і лірызмам. Раман «Я прыйшоў даць вам волю» (1971) пра Сцяпана Разіна. Як акцёр ва ўласных і інш. кінафільмах ствараў вобразы самабытных людзей, якія шукаюць сваё прызначэнне на зямлі: «Каля возера» (1970, Дзярж. прэмія СССР 1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Прашу слова» (1976) і інш. Рэжысёрская манера Ш. адметная спалучэннем рэаліст. фактурнасці, побытавай дэталізацыі, псіхал. глыбіні з паэт. успрыманнем прыроды і людзей. Аўтар публіцыстычных артыкулаў (зб. «Пытанні да самога сябе», 1981). На бел. мову асобныя апавяданні Ш. пераклалі Н.​Граковіч, Т.​Мартыненка. Спектаклі паводле твораў Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Характары» — Брэсцкі абл. драм. т-р (1973), Бел. т-р імя Я.​Купалы (1975); «Энергічныя людзі» — Дзярж. рус. драм. т-р, Бел. т-р імя Я.​Коласа, Брэсцкі абл. (усе 1975); «Да трэціх пеўняў» — Дзярж. т-р лялек (1976); «Ваня, як ты тут?» — т-р імя Я.​Купалы (1978); «Каліна чырвоная» — Гродзенскі абл. драм. т-р (1981); «А раніцой яны прачнуліся» — рус. драм. т-р (1983) і інш. Ленінская прэмія 1976.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

Літ.:

Коробов В. Василий Шукшин. М., 1977;

Толченова Н.П. Слово о Шукшине. М., 1982;

Емельянов Л. Василий Шукшин: Очерк творчества. Л., 1983.

В.М.Шукшын.

т. 17, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМЕ́Р, Сумер,

старажытная краіна ў 4—2-м тыс. да н.э. ў Паўд. Месапатаміі, у ніжнім цячэнні рэк Тыгр і Еўфрат, на Пд сучаснага Ірака. Найб. стараж. паселішчы на тэр. Ш. адносяцца да 5—4-га тыс. да н.э. У 2-й пал. 4-га тыс. да н.э. заселена шумерамі, якія засн. тут гарады-дзяржавы: Ур, Урук, Лагаш, Ума, Кіш, Эрыду і інш. Эканоміка Ш. была засн. на ірыгацыйным земляробстве: у абшчынных, храмавых і буйнаўласніцкіх гаспадарках выкарыстоўвалася праца вольных абшчыннікаў, кліентаў, рабоў. Змест паліт. жыцця Ш. складала ўнутр. барацьба ў гарадах паміж абшчынай, родава-храмавай арыстакратыяй і вярх. правіцелем. Паміж гарадамі-дзяржавамі вялася барацьба за с.-г. ўгоддзі і ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да часовых узвышэнняў аднаго з іх. На пачатку раннедынастычнага перыяду ў 28—25 ст. да н.э. паліт. перавага ад I дынастыі Кіша перайшла да I дынастыі Урука, а потым да I дынастыі Ура. З сярэдзіны 25 ст. да н.э. ўсталявана гегемонія правіцеляў Лагаша (страчана ў 1-й пал. 24 ст. да н.э. пасля няўдалай спробы сац. рэформ Уруінімгіны). Раннедынастычны перыяд скончыўся ў 2-й пал. 24 ст. да н.э. заваяваннем Ш. дзяржавай Акад. Акад быў разгромлены гуціямі, якія ў канцы 22 ст. да н.э. выгнаны царом Урука Утухенгалем. Улада над Ш. перайшла да цароў III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. ў выніку нашэсця амарытаў і эламітаў Ш. канчаткова страціў самастойнасць. Пазней існаваў як частка Вавілоніі. Пра культуру Ш. гл. ў арт. Вавілона-асірыйская культура.

Літ.:

Тюменев А.И. Государственное хозяйство древнего Шумера. М.; Л., 1956;

Дьяконов И.М. Общественный и государственный строй древнего Двуречья: Шумер. М., 1959;

Вулли Л. Ур халдеев;

Пер. с англ. М., 1961;

Белицкий М. Забытый мир шумеров: Пер. с пол. М., 1980;

Крамер С. История начинается в Шумере: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Яго ж. Шумеры: Первая цивилизация на земле: Пер. с англ. М., 2002.

Я.​У.​Новікаў.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАМЯЛЁЎ Леанід Дзмітрыевіч (н. 5.2.1923, г. Віцебск),

бел. жывапісец. Нар. маст. Беларусі (1983). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). З 1959 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1968—74 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Тэма гераізму народа ў Вял. Айч. вайне ўвасоблена ў палотнах «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэнне» (1967), «Палявы трыбунал» (1974—75), «Генерал Даватар» (1975), «3 ліпеня» (1977), «Першы дзень міру» (1981), «Люты 1942», «Светлая памяць» (абодва 1984), «Ідзе вайна народная» (1985). Шматграннасць і маштабнасць асобы выяўлены ў карцінах «1918 год. Ленін і Дзяржынскі» (1969), «Кастусь Каліноўскі» (1975), «Вяртанне. Мікола Гусоўскі», «Рэпін у Здраўнёве» (абедзве 1980), «Народны паэт Беларусі Я.​Купала» (1981), «Леся Украінка» (1983). Лірыка-эпічнае гучанне вылучае цыклы палотнаў «Край мой Міншчына», «Ільны івянецкія» (абодва 1977), «Навала 22 чэрвеня 1941 года», «Ліставей», «Лета» (усе 1978). Псіхал. глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы творам пра сучаснікаў: «Настаўніца» (1969), партрэты мастакоў М.​Чэпіка (1970), Г.​Вашчанкі (1980), В.​Цвіркі (1982), «Каця малюе» (1985), «Алена Малочка» (1990), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Святар» (2002) і інш. Выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Асенні кліч» (1975), «Вязынка» (1976), «Сосны», «Студзень у Мінску» (абодва 1977), «Крыніца», «У канцы студзеня», «Напрадвесні», «Лошыца» (усе 1978), «Вясна на Дзвіне» (1979), «Радзіма» (1981), «Зіма ў Ракаве» (1982); серыі «Новае поле» (1979—82), «Лета ў Астрашыцкім» (1994), «Як быццам у сне», «Караван», «Цёплае лета» (усе 1995), «Снежань», «Сакавік», «Майскі вечар», «Зіма ў Пінску» (усе 1996), «Беларусы ў Вене» (1998). Аўтар нацюрмортаў «Цюльпаны» (1973), «Мёд» (1974), «Пасля канцэрта» (1975), «Крэсла бацькі», «Кветкі зямлі» (абодва 1978), «Вязынка. У хаце паэта» (1982), «Учора і сёння» (1986), «Памяці 1794» (1993), «Восень» (1995), «Мой свет» (1996). Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю. Іл. гл. таксама да арт. Жывапіс.

Літ.:

Л.​Д.​Щемелев: Цвета времени. М., 1978, Крэпак Б.А. Леанід Шчамялёў. Мн., 1981;

Л.​Дз.​Шчамялёў: [Альбом]. Мн., 1997;

Леанід Шчамялёў: Нар. мастак Рэспублікі Беларусь: (Альбом). Мн., 1998.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.​Дз.Шчамялёў.
Л.Шчамялёў. Беларусы ў Вене. 1998.

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)