ШУКШЫ́Н Васіль Макаравіч (25.7.1929, с. Сросткі Бійскага р-на, Алтайскі край — 2.10.1974),
рускі пісьменнік, кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1960). Друкаваўся з 1959. У зб-ках апавяданняў «Вясковыя жыхары» (1963), «Там, удалечыні» (1968), «Характары» (1973), гіст.-рэв. рамане «Любавіны» (ч. 1—2, 1965—87; фільм «Канец Любавіных», 1972), п’есе «Энергічныя людзі» (паст. 1974) і сцэнарыях фільмаў, у якіх выступаў і як рэжысёр («Жыве такі хлопец», 1964; «Печкі-лавачкі», 1972; «Каліна чырвоная», 1974; у двух апошніх выканаўца гал. ролі) праўдзівыя карціны тагачаснага жыцця. разнастайнасць сац.-псіхал. тыпаў. вобразы «дзівакоў», правінцыялаў, якія нясуць у сабе маральную чысціню і патрабавальнасць да жыцця. Творам Ш. ўласцівы драматызм канфліктаў у спалучэнні з гумарам і лірызмам. Раман «Я прыйшоў даць вам волю» (1971) пра Сцяпана Разіна. Як акцёр ва ўласных і інш. кінафільмах ствараў вобразы самабытных людзей, якія шукаюць сваё прызначэнне на зямлі: «Каля возера» (1970, Дзярж. прэмія СССР 1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Прашу слова» (1976) і інш. Рэжысёрская манера Ш. адметная спалучэннем рэаліст. фактурнасці, побытавай дэталізацыі, псіхал. глыбіні з паэт. успрыманнем прыроды і людзей. Аўтар публіцыстычных артыкулаў (зб. «Пытанні да самога сябе», 1981). На бел. мову асобныя апавяданні Ш. пераклалі Н.Граковіч, Т.Мартыненка. Спектаклі паводле твораў Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Характары» — Брэсцкі абл.драм.т-р (1973), Бел.т-р імя Я.Купалы (1975); «Энергічныя людзі» — Дзярж.рус.драм.т-р, Бел.т-р імя Я.Коласа, Брэсцкі абл. (усе 1975); «Да трэціх пеўняў» — Дзярж.т-р лялек (1976); «Ваня, як ты тут?» — т-р імя Я.Купалы (1978); «Каліна чырвоная» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1981); «А раніцой яны прачнуліся» — рус.драм.т-р (1983) і інш. Ленінская прэмія 1976.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1984—85.
Літ.:
Коробов В. Василий Шукшин. М., 1977;
Толченова Н.П. Слово о Шукшине. М., 1982;
Емельянов Л. Василий Шукшин: Очерк творчества. Л., 1983.