ТУ́РАЎ Віктар Цімафеевіч (25.10.1936, г. Магілёў — 31.10.1996),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). З 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1991—96 маст. кіраўнік майстэрні рэжысуры ігравога кіно Бел. АМ. Дэбютаваў дакумент. нарысамі «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960) і ігравымі навеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва»), «Зорка на спражцы» (1962, фільм «Маленькія летуценнікі»). Дзяцінства, апаленае вайной, у лірыка-паэтычных фільмах «Праз могілкі» (1964, паводле П.​Ніліна; рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 уключаны ў лік. лепшых 100 фільмаў свету), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969, паводле А.​Адамовіча). Тэма сувязі ваен. і пасляваен. пакаленняў у фільмах «Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979, прыз на 13-м Усесаюзным кінафестывалі, 1980), «Меншы сярод братоў» (1985). Бел.-польскай барацьбе з фашыстамі прысвечаны фільм «Пераправа» (1987, сумесна з Польшчай). Увага да першакрыніцы, сугучнасць з вобразамі «Запісак паляўнічага» І.​Тургенева ў тэлефільме-экранізацыі «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971). Дзецям адрасаваны тэлефільм «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1973, паводле С.​Маршака). Хараство бел. прыроды, высакароднасць нар. характараў увасоблены ў экранізацыі «Палескай хронікі» І.​Мележа — кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1984; гал. прыз на 15-м Усесаюзным кінафестывалі, 1982; прызы Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах, Чэхія, 1982; у Маніле, Філіпіны, 1983), «Подых навальніцы» (1982); у тэлефільмах «Апейка» (1982), «Блізкае і далёкае» (1984). Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы «Уваскрэсная ноч» (1976, паводле А.​Петрашкевіча), «Высокая кроў» (1990), «Чорны бусел» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю у г. Нові-Сад, Югаславія). У стужцы «Шляхціц Завальня...» (1990, паводле Я.​Баршчэўскага) старадаўняя Беларусь паказана ў жанры фантастычных легенд і паданняў. У 1976—81 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гудкова Л. В.​Туров. М., 1984;

Бондарева Е. От сердца — к сердцу. Мн., 2001.

В.​Ф.​Нячай.

В.Ц.Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)