арганізацыя, якая ў 1917—18 займалася фарміраваннем бел. войска і каардынавала працу бел. вайсковых рад. Створана на з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Зах. фронту, 12-й арміі Паўн. фронту і Балт. флоту ў Мінску (13—19.11.1917), дзе быў абраны Часовы выканаўчы к-т ЦБВР на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім. ЦБВР стварыла спец. аддзел па фарміраванні бел.вайск. адзінак, які ўзначаліў ген.-лейт. К.А.Кандратовіч, і адправіла на франты вярбоўшчыкаў. Пасля з’ездаў беларусаў-вайскоўцаў Паўн., Рум. і Паўд.-Зах. франтоў (усе ў ліст. 1917—студз. 1918) іх прадстаўнікі папоўнілі склад Выканкома рады. Друкаваны орган — газ.«Белорусская рада». Намаганнямі ЦБВР у ліст. 1917 створаны бел. полк у Мінску і конны эскадрон пад Оршай. ЦБВР атрымала ад Вярх. галоўнакамандуючага М.В.Крыленкі ў выніку перагавораў 10—11.1.1918 дазвол на стварэнне бел.нац.Чырв. гвардыі і прызначыла пунктамі яе фарміравання Мінск, Бабруйск, Рагачоў, Магілёў і Барысаў. Аднак з-за пазіцыі прадстаўнікоў Аблвыкамзаха, якія сарвалі праезд спец. створанай для гэтага камісіі, ЦБВР не здолела ажыццявіць намечаны план. Члены ЦБВР удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917, стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Літ.:
Савіцкі В. Беларускае войска: ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮРКАЛО́ГІЯ,
сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яеасн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.Гіганаў і С.Хальфін.
Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.М.Казем-бека, Ф.Я.Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.У.Бартальд, Я.Э.Бертэльс, У.А.Гардлеўскі, Т.Г.Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АНСССР (з 1991 — Рас.АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.Боўэн, Б.Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.Бабінгер, Г.Яшке (Германія), Ж.Дэні, М.Мала (Францыя), Дж.В.Беркер, Р.Х.Дэвісан (ЗША) і інш.
На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел.татараў (працы Л.К.Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.Александровіча, А.І.Дубінскага, С.У.Думіна, І.Б.Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.І.Несцяровіча, Я.А.Якубоўскага і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ»,
дэмакратычная плынь у нац.-вызв. руху Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны напярэдадні і ў час паўстання 1863—64. У адрозненне ад «белых» імкнуліся вызваліцца ад царскага ярма шляхам узбр. паўстання; нац. вызваленне звязвалі з дэмакр. пераўтварэннямі. Асн. кантынгент «Ч.» — афіцэры, студэнты, дробныя чыноўнікі, рамеснікі, дробнамаянтковая і безмаянтковая шляхта. У ідэалаг. адносінах «Ч.» былі неаднародныя і падзяляліся на 2 крылы. Левае крыло — рэвалюцыянеры-дэмакраты, якія выступалі супраць памешчыцкага землеўладання, за правы народаў на самавызначэнне, за рэв. саюз народаў у барацьбе з самадзяржаўем. Паслядоўныя рэвалюцыянеры ў Польшчы Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі, І.Хмяленскі, Б.Шварцэ, на Беларусі — К.Каліноўскі, А.Трусаў, В.Урублеўскі; у Літве А.Мацкявічус, З.Серакоўскі. Правае крыло (лідэры А.Авейдэ, А.Гілер) — шляхецкія рэвалюцыянеры, якія выступалі з палавінчатай сац. і нац. праграмай: адстойвалі кампенсацыю памешчыкам за зямлю ў выпадку перадачы яе сялянам, вагаліся паміж прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на самаст. развіццё і патрабаваннем аднаўлення Польшчы ў межах 1772. Асобнае месца сярод іх займалі паслядоўнікі ген. Л.Мераслаўскага, якія прыкрывалі рэв. фразай шавінізм і нацыяналізм і адмоўна ставіліся да рэв. саюзу з рус. народам. Арганізац. цэнтры «Ч.»: у Польшчы — з кастр. 1861 Гарадскі к-т (К-т руху) У Варшаве, пазней Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве; на Беларусі і ў Літве — з восені 1861 — Камітэт руху ў Вільні, пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАНХА́Й,
найбуйнейшы горад на У Кітая. Яго тэр. з прылеглымі раёнамі (6,2 тыс.км²) вылучана ў самастойную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Нас. 9,862 млн.ж. (2000). Важны трансп. вузел. 2 аэрапорты. Найбуйн. марскі порт краіны (пераважна знешнегандл. грузы) у эстуарыі р. Янцзы, на яе правым прытоку р. Хуанпу, за 50 км ад Усх.-Кітайскага мора. У Ш. вырабляецца 1/6 усёй прамысл. прадукцыі Кітая. Прам-сць: шматгаліновае машынабудаванне, у т. л. радыёэлектроннае, суднабудаванне, чорная і каляровая металургія, хім., лёгкая (асабліва тэкст.), фармацэўтычная, паліграф., папяровая, тытунёвая, харчовая. Разнастайныя саматужныя вытворчасці. 45 ВНУ (2001).
Вырас з рыбацкага пасёлка Хуту, які вядомы са старажытнасці. У 16 ст. — гандл. і рамесны цэнтр. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 адкрыты для замежнага гандлю: у 1843 створаны англ., у 1848 амер.сетльменты, у 1849 — франц. канцэсія. У 1854 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША захапілі і кіравалі (да 1937) шанхайскай мытняй. У 1860 і 1862 у час Тайпінскага паўстання ў прадмесці Ш. ішлі баі паміж паўстанцамі і англа-франц. войскамі. З 2-й пал. 19 ст. Ш. — найбуйнейшы гандл. і прамысл. цэнтр Кітая. З 1919 адзін з гал. цэнтраў нац.-вызв. руху. У 1937—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1945 пад уладай гаміньданаўцаў. Вызвалены ў 1949 Нар.-вызв. арміяй Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕЙЦА́РСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
пераход рас. войск на чале з А.В.Суворавым з Паўн. Італіі праз Альпы ў Швейцарыю і Аўстрыю 21.9—8.10.1799 у час вайны 2-й антыфранц. кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і інш.) супраць Францыі. У адпаведнасці з англа-аўстр.стратэг. планам пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 яго войскі (21,5 тыс.чал., у т. л. 4,5 тыс. аўстрыйцаў) былі накіраваны ў Швейцарыю, каб адтуль пасля злучэння з рас. корпусам ген. А.М.Рымскага-Корсакава (24 тыс.чал.) і аўстр. войскамі наступаць на Францыю. Сувораў пайшоў у Швейцарыю самым кароткім шляхам — праз Альпы, якія лічыліся амаль непраходнымі для войск. З цяжкімі баямі ён авалодаў перавалам Сен-Гатард і Чортавым мостам (праз р. Рэйс) і выйшаў да Люцэрнскага воз., дзе даведаўся пра разгром франц. арміяй ген. А.Масены корпуса Рымскага-Корсакава і акружэнне сваіх войск утрая пераўзыходзячымі франц. сіламі. Ратуючы сваю армію ад разгрому, Сувораў павёў яе на У. Ён спалучаў абыходы з франтальнымі ўдарамі, выбіў франц. атрады з шэрагу перавалаў, пераадолеў бездарожны хрыбет Панікс і вывеў свае гал. сілы (15 тыс.чал.) разам з 2800 палоннымі у Аўстрыю. Ш.п. — выдатны прыклад паспяховых манеўраных баявых аперацый у гарах супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка.
Літ.:
Данилов А. «Русский штык прорвался сквозь Альпы!» // Армия. 1999. № 5.
масавая ваенізаваная арг-цыя і рух у Фінляндыі ў 1918—44. Узнік пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі як мясц. ахоўныя атрады (у некат. мясцовасцях наз. пажарныя каманды). У час грамадз. вайны ў Фінляндыі (гл.Фінляндская рэвалюцыя 1918) — урадавыя войскі (каля 70 тыс.чал., каманд. К.Г.Э.Манергейм). У 1919 атрымаў статус добраахвотнай арг-цыі, што забяспечвала абарону краіны (колькасць яечл. стабілізавалася на ўзроўні амаль 100 тыс.чал.).
Меў акр. арг-цыі (22) па ўсёй Фінляндыі і аддзяленні ў многіх вёсках. У 1921 створана жаночая арг-цыя Ш. «Лота Свярд» (у 1930-я г. аб’ядноўвала каля 170 тыс. жанчын). З 1929 існавалі дзіцячыя атрады Ш. (каля 30 тыс. падлеткаў). Паводле закону аб ахове ад 22.12.1927 Ш. абвешчаны дапаможнай ч.нац. абароны. Займаўся таксама фізкульт.-спарт. і культ. дзейнасцю. У паліт. адносінах яго чл. прытрымліваліся нацыяналіст. і антыкамуніст. пазіцый. У 2-ю сусв. вайну з 1940 фармальна ўваходзіў у склад узбр. сіл (галоўнакаманд. Л.Малмберг), удзельнічаў у баях супраць сав. войск. Распушчаны паводле ўмоў сав.-фінл. перамір’я, падпісанага 19.9.1944 у Маскве.
Літ.:
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАРТАГРА́ФІЯ,
раздзел картаграфіі, звязаны з сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, эканамічнай геаграфіяй і нар.-гасп. практыкай. Даследуе метады стварэння эканамічных карт і атласаў, распрацоўвае спосабы адлюстравання на картах эканам. з’яў. Выкарыстоўвае прынцыпы і матэрыялы картаграфіі (тапагр. і геагр. аснова карт, метады стварэння карт і спосабы картаграфічнага адлюстравання, картаграфічнай генералізацыі і інш.), сац.-эканам. геаграфіі (змест карт), сац.-эканам. статыстыкі (метады апрацоўкі статыст. матэрыялу).
Тэорыя Э.к. ў СССР мела найб. развіццё ў пач. 1930-х г. ва ўмовах хуткага росту гаспадаркі рэспублік, эканам. раёнаў і галін нар. гаспадаркі (працы М.М.Баранскага, А.І.Праабражэнскага, М.І.Нікішова і інш.). У сучаснай Э.к. важнае значэнне маюць матэм.-картаграфічнае мадэліраванне, аўтаматызацыя і стварэнне адзіных геагр. фондаў даных, матэрыялы касм. здымак і інш.
Пры стварэнні Нац. атласа Беларусі (2002) былі складзены эканам. карты: прам-сці (маштаб 1:2 000 000; уключае размеркаванне прадпрыемстваў прам-сці паводле яе галін на тэр. рэспублікі); асн. галін прам-сці (маштаб 1:2 000 000—1:6 000 000; электраэнергетыка, паліўная, хім. і нафтахім. прам-сць і інш.); знешнегандлёвага абароту (маштаб 1:50 000 000); спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (маштаб 1:2 000 000) і інш.
Літ.:
Баранский Н.Н., Преображенский А.И. Экономическая картография. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ДЭТЭРМІНІ́ЗМ, эканамічны матэрыялізм,
канцэптуальная пазіцыя ў галіне філасофіі, сацыялогіі, эканам. вучэнняў, якая зводзіць матэрыяліст. тлумачэнне гісторыі да сцвярджэнняў пра асн. ролю эканомікі ў грамадскім развіцці і аб існаванні непасрэднай прычыннай залежнасці неэканам. з’яў (маралі, культуры, духоўнай сферы) ад эканомікі. Значная колькасць версій Э.д. ўзнікла на глебе марксізму і запазычыла некаторыя яго катэгорыі (грамадскага быцця і грамадскай свядомасці), а таксама марксісцкую формулу суадносін паміж імі, паводле якой грамадскае быццё абумоўлівае грамадскую свядомасць, г.зн. выступае ў грамадскім развіцці ў якасці першаснага, дэтэрмінуючага фактара. У адрозненне ад К.Маркса і яго паслядоўнікаў Э.д. атаясамлівае з грамадскім быццём эканоміку, пад якой разумее пэўную сукупнасць рэчавых элементаў, выключаючы з яе сістэму эканам. адносін паміж людзьмі і самога чалавека. У такой інтэрпрэтацыі эканоміка ўзводзіцца ў ранг суб’екта гісторыі, прыніжаецца або цалкам адмаўляецца адваротны ўплыў на эканам. развіццё ідэй і тэорый, культуры, маралі, палітыкі. У выніку канцэптуальныя перадумовы Э.д. набліжаюць яго да фаталістычных уяўленняў аб будучыні чалавечага грамадства (гл.Фаталізм) і разнастайных тэорый аб адчужэнні чалавека ад эканомікі і грамадскага жыцця. Пазіцыю Э.д. падзялялі некат. прадстаўнікі камуніст. руху (А.Лабрыёла, П.Лафарг), герм. сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн). У Расіі блізкія погляды адстойвалі П.Струвэ, С.Пракаповіч, У.Шуляцікаў. Ідэі Э.д. знайшлі сваё развіццё ў сучасных канцэпцыях «тэхналагічнага дэтэрмінізму» (гл.Тэхналагічныя тэорыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ І САЦЫЯ́ЛЬНЫ САВЕ́Т ААН (ЭКАСАС),
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які каардынуе яеэканам. і сац. дзейнасць, спецыялізаваных устаноў і органаў ААН. З’яўляецца цэнтр. форумам па абмеркаванні міжнар. праблем глабальнага і міжгаліновага характару і па выпрацоўцы рэкамендацый адносна палітыкі па гэтых праблемах. Складаецца з 54 членаў ААН (у т. л. Рэспубліка Беларусь), якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Савет вядзе даследаванні і складае даклады па міжнар. пытаннях з адпаведнымі рэкамендацыямі; арганізоўвае абмеркаванні міжнар.эканам. і сац. праблем, распрацоўвае рэкамендацыі для дзяржаў-членаў; кантралюе і ацэньвае агульную стратэгію і першачарговыя задачы ў эканам. і сац. галінах; забяспечвае ўзгадненне і практычнае аператыўнае ажыццяўленне дырэктыўных рашэнняў і рэкамендацый; каардынуе агульную дзейнасць арг-цый сістэмы ААН; праводзіць усебаковыя агляды палітыкі ў галіне аператыўнай дзейнасці. У склад Савета ўваходзяць: 6 функцыянальных камісій і падкамісій (сац. развіцця, па кантролі за наркатычнымі сродкамі, па навуцы, тэхніцы, па статыстыцы, транснацыянальных карпарацыях); 5 рэгіянальных камісій (гл.Эканамічныя камісіі ААН); 2 пастаянныя падкамітэты (для праграм і каардынацыі; па непасрэдных арганізацыях); 7 экспертных органаў (камітэт па развіцці планавання; спец. група экспертаў па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне падаткаабкладання; камітэты па транспарціроўцы грузаў, па эканам., сац. і культ. правах, па нац. рэсурсах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСХАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. eschatos апошні, канцавы + ...логія),
у рэлігійных светапоглядных сістэмах вучэнне аб канчатковым лёсе свету, чалавецтва і чалавека. Адрозніваюць індывідуальную Э. — вучэнне аб пасмяротным лёсе адзінкавай чалавечай душы і універсальную, сусветную Э. — вучэнне аб мэце і прызначэнні касм. і чалавечай гісторыі, аб канцы і аб тым, што пасля гэтага будзе. Асаблівая роля ў распрацоўцы традыцыі індывід. Э. належыць стараж. Егіпту (трактоўка замагільнага жыцця як станоўчага быцця), а ў станаўленні сусв. Э. — стараж. Ізраілю, потым іудаізму (асэнсаванне ўсяленскай гісторыі як разумнага працэсу, які накіроўваецца воляй асабістага Бога). Э. фарміруецца толькі там, дзе адбываецца абгрунтаванне магчымасці пазітыўнага рашэння асабістых і ўсяленскіх лёсаў у нейкай абсалютнай перспектыве, дзе рух з мінулага ў будучыню разглядаецца як набліжэнне да канчатковай мэты светабудовы, да сканчэння часу і зліцця яго з вечнасцю. Вучэнні, якія зыходзілі з цыклічнай канцэпцыі сусв. працэсаў (напр., брахманісцкія і піфагарэйска-стаічныя дактрыны вечнага вяртання і сусв. года), не маглі стварыць Э. ў сапраўдным яе значэнні. Сама ідэя кругавароту выключае нешта канечнае: бо ў светабудовы няма ні мэты, ні абсалютнага канца. Эсхаталагічныя матывы можна выявіць у шэрагу свецкіх ідэалагічных праектыўных пабудоў новага і найноўшага часу: амер.пурытанізму, утапічнага і марксісцкага камунізму, нацысцкай міфалагемы «тысячагадовага рэйха» і да т.п.