ЦЮРКАЛО́ГІЯ,
сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.Гіганаў і С.Хальфін.
Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.М.Казем-бека, Ф.Я.Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.У.Бартальд, Я.Э.Бертэльс, У.А.Гардлеўскі, Т.Г.Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АН СССР (з 1991 — Рас. АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.Боўэн, Б.Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.Бабінгер, Г.Яшке (Германія), Ж.Дэні, М.Мала (Францыя), Дж.В.Беркер, Р.Х.Дэвісан (ЗША) і інш.
На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел. татараў (працы Л.К.Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.Александровіча, А.І.Дубінскага, С.У.Думіна, І.Б.Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.І.Несцяровіча, Я.А.Якубоўскага і інш.).
т. 17, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)