гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс.ж. (1995).
Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.
Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст. — Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст. — Асвейская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНСК,
горад у Расіі, цэнтр Бранскай вобласці, на р. Дзясна. 478,1 тыс.ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г., дарожныя і ірыгацыйныя машыны, цеплавозы, вагоны, рухавікі і інш.), хім., лёгкая (абутковая, швейная), дрэваапр., харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы). 4 ВНУ. 3 т-ры. Гіст.-рэвалюцыйны музей.
Засн. ў 985 як слав. ўмацаванае паселішча. Першапач. назва Брынь, потым Дзебранск. Як горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе каля 1146, належаў чарнігаўскім князям. З 1159 у складзе Вшчыжскага княства, у 1167 зноў адышоў да чарнігаўскіх князёў. З 1252 цэнтр Бранскага княства. У 1356 захоплены Альгердам і ўключаны ў ВКЛ. У 1500 Бранск занялі войскі Івана III, горад увайшоў у Маскоўскую дзяржаву. У часы Пятра I у Бранску закладзена суднаверф, дзе ў 1737—39 будаваліся судны Бранскай флатыліі для паходу ў Турцыю. З 1709 у складзе Кіеўскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскай губ. У 19 ст. — цэнтр Бранскага прамысл.раёна; у 1870-я г. створана т-ва Бранскага рэйкапракатнага, жалезаапрацоўчага і мех. з-даў. У Вял.Айч. вайну моцна разбураны. У бранскіх лясах дзейнічала каля 60 тыс. партызан. Вызвалены ў выніку Бранскай аперацыі 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм.раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗГА (Glasgow),
горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц.раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс.ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сцьхарч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л.вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл.муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш.арх. помнікі.
Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́СЕЛЬДОРФ (Düsseldorf),
горад на З Германіі, на ніжнім Рэйне. Адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. 574,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл.раёна, адзін з буйнейшых фінансава-эканам. цэнтраў краіны. Прам-сць: чорная металургія (вытв-сць сталі, пракату, труб, стальных канструкцый), машынабудаванне (рознае прамысл. абсталяванне, с.-г. машыны, станкі, вагона-, аўтабудаванне, эл.-тэхн.), хім., алюмініевая, нафтаперапр., электронная. швейная, шкляная, папяровая, паліграф., харчовая. Цэнтр ням. моды. Міжнар. кірмашы. Ун-т. Маст. музей (жывапіс, графіка, скульптура), музей Кунстгале (мастацтва 20 ст.) і інш. Радзіма Г.Гейне (музей). Замак, цэрквы, ратуша і інш.арх. помнікі 13—18 ст.
Упершыню згадваецца каля сярэдзіны 12 ст. як паселішча. З 1190 уладанне графаў Берга (з канца 15 ст. іх пастаянная рэзідэнцыя). З 1288 горад. З 1609, канчаткова з 1614, уладанне князёў Пфальца, іх рэзідэнцыя ў 1614—1716. У час напалеонаўскіх войнаў пад баварскім (1801—06), потым франц. кіраваннем. З 1815 у складзе Прусіі. З сярэдзіны 19 ст. горад значна вырас у сувязі з прамысл. развіццём Рэйнскай вобл. У 2-ю сусв. вайну стары горад моцна разбураны, пасля вайны часткова адноўлены. З 1949 адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦЫ,
горад, цэнтр Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., у вярхоўі р. Бярэзіна. За 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем. 7,4 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1407. Належалі Манівідам, Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. З 1621 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Докшыцкага павета. З 1795 горад. У 1796 Д. атрымалі герб: у зялёным полі 2 узгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы. З 1797 у Барысаўскім пав. У канцы 19 ст. ў Д. больш за 5,6 тыс.ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 3,6 тыс.ж. З 15.1.1940 горад, цэнтр Докшыцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 9.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Д. і раёне загубілі 4931 чал. У Д. размяшчаўся вял. гарнізон ворага, які неаднаразова быў разбіты партызанамі (гл.Докшыцкі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943). 2,2 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Глыбоцкім раёне.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУДО́К,
гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц.прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс.сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Дняпро. За 83 км ад Гомеля. Вузел чыгунак на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы і аўтадарог на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. 69,8 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 15 ст. ў ВКЛ, належаў Хадкевічам. З сярэдзіны 16 ст. ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У 15—17 ст. існаваў Жлобінскі замак. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. праз Ж. пракладзена Лібава-Роменская чыг., у 1902 чыг. Пецярбург—Адэса. У 1880 і 1909 амаль поўнасцю знішчаны пажарам. У 1897—2100 ж. Дзейнічалі цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад. У 1939—19,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 14.8.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 3091 чал. Дзейнічала Жлобінскае патрыятычнае падполле. У 1959—19,2 тыс.ж., у 1970—25,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай (Жлобінская фабрыка штучнага футра), металургічнай (Беларускі металургічны завод), харч., буд. матэрыялаў прам-сці; Жлобінская фабрыка інкрустацыі. Дзейнічае Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму і падпольшчыкаў.