КІРМА́Ш,

перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс. руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.

Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.
Да арт. Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),

1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж. усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).

2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.​Д.​Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл. Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.

Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (r≫l, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (r∼l), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.

Літ.:

Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ. М., 1981.

Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),

кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.​К.​Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.​Рэйган, М.​Тэтчэр, Г.​Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і

сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.

Літ.:

Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;

Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг. М., 1986;

Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ. М., 1992.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),

царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,

з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас. Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВК СССР з улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВК СССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВК СССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВК з 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.​І.​Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.

Е.​Ф.​Саўчук.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЯС,

пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.

В.​І.​Селівончык.

Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.
Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс. чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс. чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі ​2/3 тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав. ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.​Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал. кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Пагадненне 1933 аб устанаўленні дыпламат. адносін, заключана 16 ліст. ў Вашынгтоне праз абмен нотамі. Пагадненне 1937 аб гандл. адносінах, заключана 4 жн. ў Маскве праз абмен нотамі; замяніла пагадненне аб гандл. узаемаадносінах 1935. Прадугледжвала, што ЗША прадаставяць СССР «безумоўны і неабмежаваны рэжым найбольш спрыяльнай нацыі» па ўсіх пытаннях, якія датычаць мытных пошлін, збораў, правіл і фармальнасцей, што маюць адносіны да ўвозу, продажу або выкарыстання ў ЗША сав. тавараў. Аналагічныя абавязкі ўзяў урад СССР. У гады 2-й сусв. вайны тавараабарот паміж СССР і ЗША рэгуляваўся гал. чынам пагадненнем ад 11.6.1942, а ў першыя пасляваен. гады — крэдытным пагадненнем ад 15.10.1945. У сувязі з разгортваннем «халоднай вайны» ўрад ЗША у пач. 1947 забараніў пастаўкі абсталявання ў СССР, а 23.6.1951 дэнансаваў пагадненне 1937. Пагадненне 1942 аб прынцыпах, якія могуць ужывацца да ўзаемнай дапамогі ў вядзенні вайны супраць агрэсіі, падпісана 11 чэрв. ў Вашынгтоне. Зыходзячы з прынцыпу, што абарона СССР супраць гітлераўскай агрэсіі мае жыццёва важнае значэнне для абароны ЗША, амер. ўрад абавязаўся забяспечваць СССР абароннымі матэрыяламі, абслугоўваннем і інфармацыяй. Сав. ўрад абавязаўся садзейнічаць абароне ЗША і заяўляў пра сваю гатоўнасць даваць ЗША матэрыялы, абслугоўванне, ільготы і інфармацыю. Гэта пагадненне завяршыла фарміраванне асн. ядра антыгітлераўскай кааліцыі, садзейнічала развіццю ленд-лізу. Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША,

падпісаны 29.5.1972 у Маскве. Дакумент зафіксаваў асн. прынцыпы сав.-амер. адносін. СССР і ЗША пагадзіліся, што ў ядз. век не існуе інш. асновы падтрымання адносін паміж імі, акрамя мірнага суіснавання. Абавязаліся рабіць усё магчымае, каб пазбягаць ваен. канфрантацый і не дапусціць узнікнення ядз. вайны, рэгуляваць рознагалоссі мірнымі сродкамі. СССР і ЗША заявілі аб сваім намеры расшырыць дагаворна-прававую базу сваіх узаемаадносін і прыкладаць намаганні, каб заключаныя паміж імі дагаворы і пагадненні ажыццяўляліся. Канчатковы вынік сваіх намаганняў СССР і ЗША бачаць у вырашэнні праблемы ўсеагульнага і поўнага раззбраення і ў забеспячэнні эфектыўнай сістэмы міжнар. бяспекі ў адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. СССР і ЗША заявілі, што яны прызнаюць суверэнную роўнасць усіх дзяржаў, падкрэслілі, што развіццё сав.-амер. адносін не накіравана супраць трэціх дзяржаў і іх інтарэсаў. Дагавор 1972 пра абмежаванне сістэм проціракетнай абароны, падпісаны 26 мая ў Маскве. СССР і ЗША абавязаліся: абмежаваць размяшчэнне сістэм проціракетнай абароны (ПРА) пэўнымі раёнамі, у якіх павінна быць не больш як 100 пускавых установак проціракет і не больш як 100 проціракет на стартавых пазіцыях; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць сістэм ці кампанентаў ПРА марскога, паветр., касм. ці мабільна-наземнага базіравання; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць пускавых установак проціракет, кожная з якіх пускае адначасова больш як адну проціракету; не перадаваць інш. дзяржавам і не размяшчаць па-за сваёй тэрыторыяй сістэмы ПРА і іх кампаненты, абмежаваныя гэтым дагаворам. Пратакол да пагаднення (падпісаны 3.7.1974; набыў сілу 24.5.1976) удакладніў, што кожны бок будзе мець толькі 1 раён размяшчэння ПРА.

Да важнейшых пагадненняў і дагавораў, заключаных паміж СССР і ЗША, таксама адносяцца: Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963; пагадненне 1973 аб прадухіленні ядз. вайны; дагавор 1974 аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядз. зброі; дагавор 1979 аб абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў; пагадненне 1973 аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання Сусветнага акіяна; пагадненне 1973 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне навук. даследаванняў у распрацоўках штучнага сэрца; доўгатэрміновае пагадненне 1974 аб садзейнічанні эканам., прамысл. і тэхн. супрацоўніцтву; агульнае пагадненне 1985 аб кантактах, абменах і супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і ў інш. галінах, гандл. пагадненні і інш. Праводзіліся таксама сав.-амер. перагаворы пра абмежаванне і скарачэнне стратэг. узбраенняў, пра абмежаванне ядз. узбраенняў у Еўропе, пра забарону хім. зброі і інш.

т. 14, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)