ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),

умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт. гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)