шматствольная артыл. гармата 16—18 ст. ў Еўропе, у т. л. на Беларусі; прататып шматствольнай артылерыі. Меў ад 6 да 50 і больш ствалоў (ружжаў, марцірак, малакаліберных пушак), якія замацоўваліся ў некалькі радоў на асобным вале або рамах, звычайна на калёсным лафеце. Страляў адначасова з усіх ствалоў аднаго раду. Выраблялі арганы ў многіх гарадах Беларусі: Быхаве, Нясвіжы, Полацку, Слуцку і інш. У Расіі такія гарматы наз.сарокамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,
самы паўночны геаграфічны пояс Зямлі, які ўключае большую частку Арктыкі. Мяжу Арктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C самага цёплага месяца (ліп. ці жніўня). Характарызуецца працяглай палярнай ноччу (145 сутак), малым радыяцыйным балансам, фарміраваннем ва ўнутр. раёнах арктычнага антыцыклону, панаваннем арктычнага паветра, арктычным кліматам. Пераважаюць ландшафты ледзяных пустыняў і арктычных пустыняў зоны (на сушы) з разрэджанай травяністай расліннасцю на прымітыўных арктычных глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛІ́Т [ад грэч. bathos глыбіня + ...літ(ы)],
буйное інтрузіўнае цела (пл. больш за 200 км², якое складзена пераважна з гранітоідаў і залягае сярод асадкавых тоўшчаў складкавых абласцей у ядрах антыклінорыяў. Звычайна арыентавана сваёй доўгай воссю паралельна распасціранню складкавых структур. Утвараецца на значнай глыбіні і агаляецца ў выніку дэнудацыі. Паводле сучасных уяўленняў, баталіт ўзнікае над сейсмафокуснымі паверхнямі — зонамі Беьёфа за кошт плаўлення частак матэрыялу мантыі і зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯпрадпрыемстваў,
добраахвотнае аб’яднанне самастойных прадпрыемстваў дзеля сумеснага ажыццяўлення некаторых функцый гасп. дзейнасці і сац. развіцця на аснове аб’яднання сваіх сродкаў. Членамі асацыяцыі могуць быць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Яны захоўваюць гасп. самастойнасць, права юрыд. асобы і не мяняюць формы ўласнасці. Для кіравання асацыяцыяй ствараюцца выканаўчыя органы і апарат. Звычайна асацыяцыя не з’яўляецца вышэйстаячым органам да прадпрыемстваў-членаў, а выконвае тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ёй перадаюць гэтыя прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,
агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НАЯ СТУПЕ́НЬ,
навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў. Звычайна прысуджаецца пасля адпаведных этапаў навучання ў ВНУ або пасля завяршэння адукацыі ў даследчым, напр. аспіранцкім (гл.Аспірантура), падраздзяленні ВНУ або навук. ўстановы і абароны спец.навук. працы. Ва ун-тах Расіі адзіныя правілы прысуджэння вучонай ступені магістра і доктара дзейнічалі ў 1819—1917. У СССР, у т. л. на Беларусі, з 1937 былі ўстаноўлены ступені кандыдата і доктара навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНЫ СЛУП,
сукупнасць паслядоўна злучаных выпрамных паўправадніковых дыёдаў. Бываюць германіевыя і крэмніевыя (найб. пашыраны). Маюць да 10 і болей дыёдаў, аформленых звычайна ў пластмасавым корпусе з двума эл. вывадамі. Сярэдняе значэнне выпрамленага току 75—500 мА, адваротнае напружанне 2—15 кВ. Выкарыстоўваюцца як выпрамнікі току (як правіла, высакавольтныя) у электратэхнічных, радыёэлектронных прыладах і прыстасаваннях, у радыёлакацыйнай і тэлевізійнай апаратуры. Некалькі выпрамных слупоў у адным корпусе ўтвараюць выпрамны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАДАРА́НТЫ (ад дэз... +лац. odor пах),
сродкі для аслаблення ці знішчэння дрэннага паху; кампазіцыі арган. злучэнняў — спіртоў, альдэгідаў, вытворных вышэйшых тлустых кіслот, прыродных і сінт. пахучых рэчываў і інш. з рознымі дабаўкамі. Паводле прызначэння адрозніваюць Д. паветра (для памяшканняў, вопраткі і інш.) і гігіенічныя (касметычныя для знішчэння паху поту, асвяжэння цела і поласці рота), якія звычайна маюць рэчывы, што памяншаюць выдзяленне поту (фармалін, уратрапін) ці аказваюць дэзінфіцыруючае дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШМА́, гашга,
адна з формаў цюркскай паэзіі. Складаецца звычайна з 5 строф па 4 радкі (у радку 11 складоў). Схема рыфмаў — abcb у 1-й страфе, у астатніх — dddb, eeeb і г.д. Са стараж. часоў такой формай карысталіся нар. паэты-ашугі. У азерб. пісьмовай л-ры 16—17 ст. гашма прадстаўлена ў творчасці Хатаі, Амані і інш. Як асн. форма сілабічнага верша замацавалася ў 18 ст. дзякуючы майстэрству Вагіфа і Відадзі.