ВО́ЧНАЯ СТА́ЎКА,

следчае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым допыце дзвюх (або больш) асоб, у паказаннях якіх выяўлены істотныя супярэчнасці. Праводзіцца па ініцыятыве следчага, суда, пракурора для атрымання больш праўдзівых звестак ці з мэтай высветліць, якое з ранейшых паказанняў адпавядае сапраўднасці. Парадак правядзення вочнай стаўкі рэгламентуецца КПК Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,

1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕНЬ ВЕ́ДАЎ,

свята, якое адзначаецца 1 верасня. Устаноўлена паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 15.6.1984. У Рэспубліцы Беларусь у Дз.в. у школах традыцыйна праводзяцца тэматычныя лекцыі, гутаркі, урачыстыя лінейкі, запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арг-цый, навукоўцы, работнікі культуры, адукацыі, ветэраны вайны і працы і інш.

А.​Л.​Еўдакімава.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВА́ННЯ ЭЛЕКТРО́ННАГА НДІ (НДІЭЛМАШ) Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у г. Маладзечна як Усесаюзны НДІ машынабудавання для сілавых і паўправадніковых прыбораў. З 1992 НДІЭЛМАШ. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка энергазберагальных тэхналогій (укараненне частотнарэгулюемых электрапрыводаў на прадпрыемствах Беларусі); распрацоўка апаратуры перадачы даных для кіравання электрапрыводамі да прамысл. абсталявання.

т. 10, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІ́ДЫУМ СУДА́,

калегіяльны орган, які, як правіла, ажыццяўляе функцыі нагляду судовага. На Беларусі існуе ў Вярхоўным судзе, абласных і Мінскім гар. судах. Парадак стварэння П.с., яго склад і паўнамоцтвы рэгламентуюцца Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995. Пры разглядзе спраў у П.с. абавязковы ўдзел пракурора.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧЫ ЎЧА́СТАК,

частка выбарчай акругі, дзе галасуе пэўная колькасць выбаршчыкаў. У Рэспубліцы Беларусь ствараюцца для выбараў прадстаўнічых органаў дзярж. улады і Прэзідэнта. На выбарчыя ўчасткі падзяляецца тэр. раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах. Выбарчыя ўчасткі ствараюцца таксама ў вайсковых часцях, могуць быць створаны і ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і інш.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ГАРАДСКО́Й ГАСПАДА́РКІ НАВУКО́ВА-ВЫТВО́РЧАТА АБ’ЯДНА́ННЯ «ЖЫЛКАМУНТЭ́ХНІКА» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1977 у Мінску на базе некалькіх аддзелаў Белкамунпраекта. Асн. кірункі дзейнасці: навукова-даследчыя, доследна-канструктарскія, праектныя і мантажна-наладачныя работы ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш. сферах гар. інфраструктуры.

В.​А.​Бажэнаў.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́НУМ (лац. plenum поўнае),

сход у поўным складзе членаў выбарчага кіруючага органа якой-н. арг-цыі (дзярж., партыйнай, грамадскай). П. суда — пасяджэнне членаў вышэйшага суд. органа ў некаторых краінах СНД (у Рэспубліцы Беларусь — П. Вярх. Суда), які разглядае ў парадку нагляду пратэсты па прыгаворы, рашэнні і вызначэнні вышэйшых суд. інстанцый краіны.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЯРЫТЭ́Т (ням. Priorität ад лац. prior першы, старшы),

1) першынство ў часе ажыццяўлення якой-н. дзейнасці.

2) Неабходная ўмова выдачы патэнта на вынаходства, для прызнання навук, тэхн. дасягнення адкрыццём.

3) Пераважнае значэнне якога-н. нарматыўнага акта, закону. Напр., Беларусь прызнае П. агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім нац. заканадаўства.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)