1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутр. структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу).
2) Іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы). Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць 4 узроўні: фаналагічны, марфал., лексічны і сінтакс., і адпаведна 4 тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем) і сінтаксемы (утвараюцца лексемамі). На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на т.зв. фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы), і знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, г.зн. перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы). Пры канкрэтным увасабленні 4 узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напр., сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некат. лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напр., узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х г. падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавук. ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Літ.:
Маслов Ю.С. Об основных и промежуточных ярусах в структуре языка // Вопр. языкознания. 1968. № 4;
Солнцев В.М. О понятии уровня языковой системы // Там жа. 1972. №3;
Бенвенист Э. Уровни лингвистического анализа // Бенвенист Э. Общая лингвистика: Пер. с фр.М., 1974.
украінская пісьменніца. Вучылася дома і ў прыватных педагогаў. Ведала каля 10 моў. Друкавалася з 1884. Першы зб. «На крылах песень» (1893). Вершы У. вызначаюцца багаццем лексікі, рытмікі, паэт. форм. Тэмы свабодалюбства, барацьбы супраць няволі — гал. ў цыкле вершаў «Песні пра волю» (1905), драм. паэмах «Вавілонскі палон» (1903), «На руінах» (1904, абедзве апубл. 1908), «У катакомбах» (1905), «Оргія» (1913), драмах «Асенняя казка» (1905, апубл. 1928), «Касандра» (1908), «Каменны гаспадар» (1912) і інш. Вяршыня паэт. майстэрства — драма-феерыя «Лясная песня» (1912), напісаная на фалькл. матэрыяле. Матывы грамадз. паэзіі У. нагадваюць матывы творчасці М.Багдановіча. Абодва паэты сцвярджаюць сілу і неўміручасць свайго народа, свайго краю. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, апавяданняў, вершаў і казак для дзяцей. Тройчы прыязджала ў Мінск да свайго сябра С.Мяржынскага, у апошні прыезд (студзень—сак. 1901) напісала драм. паэму «Утрапёная» і арт. «Сучасная грамадская драма». Творчасць У. была высока ацэнена «Нашай нівай» (26.7.1913). На бел. мову творы У. перакладалі Э.Агняцвет, А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Вольскі, А.Вялюгін, Ю.Гаўрук, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, Х.Жычка, Н.Загорская, І.Калеснік, У.Корбан, Е.Лось, П.Пестрак, П.Прануза, Я.Семяжон, М.Хведаровіч і інш. У. прысвяцілі свае творы Лось, Грахоўскі, Жычка; Дз.Лукас напісаў музыку на вершы У. «Мелодыі». Яе драму «Каменны гаспадар» ставілі Гродзенскі абл.драм.т-р (1953) і Бел.т-р імя Я.Купалы (1982).
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—12. Київ, 1975—79;
Бел.пер. — Вершы і паэмы. Мн., 1957;
Лясная песня. Мн., 1971;
У кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;
У кн.: Гаўрук Ю. Узвіхраны ветразь. Мн., 1990;
Рус.пер. — Избранное. М., 1984.
Літ.:
Караткевіч У. Saxifraga // Полымя. 1971. № 2;
Леся Украинка в воспоминаниях современников. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАРАЎ Мікалай Фёдаравіч (12.6.1829, с. Ключы Тамбоўскай вобл., Расія — 28.12.1903),
расійскі рэліг. філосаф, прадстаўнік рус. касмізму. Вучыўся ў Рышэльеўскім ліцэі ў г. Адэса (1849—52). У 1854—68 выкладаў у пав. вучылішчах, у 1874—98 бібліятэкар Румянцаўскага музея. У сваім утапічным вучэнні («філасофія агульнай справы») імкнуўся вызначыць глыбінныя прычыны сусв. зла і прапанаваць спосабы яго пераадолення. Гал. зло для чалавека бачыў у яго фіз. смерці і залежнасці ад «сляпых» сіл прыроды. Выступаў з праектам рэгулявання прыроды і «іманентнага ўваскрэшання» сіламі навукі і тэхнікі, рэалізацыя якога, на яго думку, прывядзе да прынцыпова новай ступені эвалюцыі, «свядомага» этапу развіцця свету, усеагульнага братэрства, пераадолення «варожасці» і ў прыродзе, і ў соцыуме. Сцвярджаў, што хрысц. вучэнне пра канец свету, выкладзенае ў «Апакаліпсісе», уяўляе сабой горшы з магчымых «сцэнарыяў» развіцця чалавецтва, а не прадвызначаную Богам неабходнасць. Мэтай пераўтварэння свету («агульнай справы» чалавецтва) лічыў дасягненне Царства Божага праз пераход ад эксплуатацыі да рэгулявання прыроды, асваенне касм. прасторы і кіраванне касм. працэсамі, удасканаленне арганізма чалавека, патрыфікацыю — фіз. ўваскрэшанне продкаў. Крытыкаваў наяўную сац. рэчаіснасць, заснаваную на вынішчэнні аднаго народа другім, выцясненні малодшым пакаленнем старэйшага, як выяўленне «зоамарфічнага» грамадскага ладу, «непаўналецця» чалавецтва. Асаблівую ролю адводзіў Расіі, якая, на яго думку, вылучаецца захаваннем патрыярхальна-сваяцкага ладу, асаблівым геагр. становішчам, і інш. Ідэі Ф. ў рус. прыродазнаўстве развівалі М.А.Умаў, К.Э.Цыялкоўскі, У.І.Вярнадскі, А.Л.Чыжэўскі, у рэліг. філасофіі і л-ры — Л.М.Талстой, Ф.М.Дастаеўскі, У.С.Салаўёў, М.А.Бярдзяеў, В.В.Зянькоўскі, Г.В.Флароўскі і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1995—2000.
Літ.:
Семенова С.Г. Николай Федоров: Творчество жизни. М., 1990;
Яе ж. Николай Федоров и Фридрих Ницше // Вопр. философии. 2001. № 2;
Григорьева Т. «Философия общего дела» Федорова и «Закон Неба» // Всемир. лит. 1999. № 5/6;
Михеева И.Б. Философия «общего дела» Николая Федорова в контексте русской традиции. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,
адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).
Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.Макіявелі), натуральных правоў (Т.Гобс, Дж.Лок, Б.Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.Гегель).
Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт.сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш.навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НА-У́ГРЫ,
група плямён, якія належалі да фіна-угорскай моўнай сям’і. Засялялі лясную зону Усх. Еўропы і Зауралля, бас. верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. У выніку распаду іх агульнасці ў фіна-пермскі перыяд вылучыліся угры (продкі венграў, хантаў і мансі). Пазней ад паволжскіх фінаў аддзяліліся продкі прыбалтыйска-фінскіх плямён, якія рассяляліся на З. Ёсць падставы меркаваць, што яны звязаны з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культурай. Рассяленне Ф.-у. на вял. абшарах і суседства з плямёнамі інш. моўных груп прывяло да іх дыферэнцыяцыі. Фарміраванне фіна-волжскай (продкі мардвы і марыйцаў) і пермскай (продкі комі, комі-пермякоў і удмуртаў) агульнасцяў адносіцца да ранняга жал. веку. Прыбалтыйска-фінская этнамоўная агульнасць сфарміравалася на той тэр. фіна-угорскага арэала, дзе мела месца ўзаемадзеянне балцкіх і фінскіх культ. кампанентаў. Большасць лінгвістаў падзяляе прыбалтыйскіх фінаў на заходнюю (продкі ліваў, паўн.эстаў, емі) і ўсходнюю (продкі паўд. эстаў, водзі, карэлы, весі, чудзі завалоцкай) групы, што адпаведна звязана з 1-й і 2-й хвалямі міграцыі з У. На Беларусі зафіксаваны шматлікія сляды ўплыву Ф.-у. З фіна-угорскім субстратам у значнай ступені звязана гідранімія бас.р.Зах. Дзвіна. Канцэнтрацыя такіх гідронімаў назіраецца ў паўд.-ўсх. і паўд. частках Бел. Падзвіння. На шматлікіх гарадзішчах Пн Беларусі выяўлена тэкстыльная кераміка і рэчы фіна-угорскага паходжання. Асаблівасці раннесярэдневяковых старажытнасцей тыпу Банцараўшчыны ў заходнядзвінскім рэгіёне звязаны з уплывам фіна-угорскіх культурных кампанентаў. На сярэдневяковых паселішчах Маскавічы, Пруднікі, курганных могільніках Заборныя Гумны (Браслаўскі р-н), Баркі, Янкавічы (Расонскі р-н), а таксама ў гарадах Полацк, Віцебск, Браслаў, Лукомль выяўлена шмат рэчаў, якія сведчаць пра фіна-угорскі ўплыў.
Літ.:
Седов В.В. Прибалтийские финны // Финны в Европе, VI—XV вв.: Прибалтийско-финские народы: Ист.-археол. исслед. М., 1990. Вып. 1;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987;
Шадыро В.И. Ранний железный век Северной Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРУ́ЖАЯ Вера Захараўна (парт. і літ.псеўд.Верка, Вераніка Карчэўская, Алеся Шыпшына, Анатолька, Падпольнік. Г.С.Карнілава; 27.9.1903, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 4.12.1942),
дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, арганізатар патрыят. падполля ў Віцебску ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1960). Скончыла Цэнтр.сав.-парт. школу (1922). Удзельніца грамадз. вайны 1918—20. Настаўнічала, працавала ў Мазырскім і Бабруйскім пав. к-тах КСМБ. У 1922—23 у апараце ЦК КСМБ. З лют. 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: кааптавана ў склад ЦК КСМЗБ, з чэрв. 1924 сакратар ЦК КСМЗБ, чл.ЦККПЗБ, ЦК КСМ Польшчы. Адзін з арганізатараў і 1-ы рэдактар органа ЦК КСМЗБ газ.«Малады камуніст». 15.9.1925 арыштавана польскімі ўладамі. На паліт. працэсе 31-го (студз. 1927, Брэст) прыгаворана да 6 гадоў, на працэсе 133-х (крас.—май 1928, Беласток) — да 8 гадоў зняволення. У вер. 1932 у ліку 40 абмененых палітвязняў Польшчы прыехала ў Мінск. Працавала ў замежнай частцы Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, Мінскай школе КПЗБ. У 1935 арыштавана АДПУБССР і выслана на «Балхашбуд» (Сярэдняя Азія). Пасля вызвалення Зах. Беларусі на парт. рабоце ў Целяханах, Пінску. У першыя дні Вял.Айч. вайны партызанка атрада В.З.Каржа. З вясны 1942 у апараце ЦККП(б)Б у Маскве. У вер. 1942 на чале групы з 17 чал. накіравана ў Віцебск для арганізац. ўмацавання Віцебскага патрыятычнага падполля. Збірала і перадавала камандаванню Чырв. Арміі і партызанам каштоўныя звесткі пра ворага. 13.11.1942 арыштавана ням. фашыстамі разам з С.С.Панковай і інш. і пасля жорсткіх катаванняў расстраляна.
Тв.:
Лісты на волю. Мн., 1932;
Письма на волю. 3 изд. М., 1957.
Літ.:
Слаўная дачка беларускага народа: Лісты, арт. В.Харужай і ўспаміны аб ёй. Мн., 1960;
Новиков И.Г. Вера Хоружая. 2 изд. М., 1973;
Ласкович В.П. Из племени непокоренных. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Багдан (Зіновій) Міхайлавіч (каля 1595, верагодна, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1657),
гетман Украіны (з 1648), дзярж. дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай правасл. шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—38 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска, пасля чаго на Украіне пачалася вызв. вайна (гл.Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649. Па ініцыятыве Х. Пераяслаўская рада 1654 зацвердзіла пагадненне з рас. царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Х. і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны. Х. пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б.Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў. У гісторыю Х. ўвайшоў як дзярж. дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 ст. Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод укр. гісторыкаў неадназначная.
Літ.:
Документы Богдана Хмельницкого, 1648—1657. Киев, 1961;
Крип’якевич І.П. Богдан Хмельницький. 2 вид. Львів, 1990;
Смолій В.А., Степанков В.С. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет. Київ, 1993;
Іх жа. Богдан Хмельницький: Хроніка життя да діяльності. Київ, 1994;
Доба Богдана Хмельницького: (До 400-річчя від дня народження великого гетьмана). Київ, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ХМАТАЎ Аляксей Аляксандравіч (17.6.1864, г. Нарва, Эстонія — 16.8.1920),
рускі мовазнавец. Акад.Пецярб.АН (1894). Скончыў Маскоўскі ун-т (1887). У 1906—20 старшыня Аддз.рус. мовы і славеснасці, з 1909 праф.Пецярб. ун-та. Даследаваў слав. акцэнталогію, пытанні параўнальнай фанетыкі і граматыкі слав. моў, стараж. і сучасныя індаеўрап. мовы, фін. і мардоўскую мовы. Распрацаваў гіст. марфалогію рус. мовы. Заклаў асновы вывучэння летапісаў і тэксталогіі як навукі. Аўтар прац па гіст. фанетыцы («Даследаванні ў галіне рускай фанетыкі», 1893—94; «Да гісторыі гукаў рускай мовы», 1896—1903; «Нарыс найдаўнейшага перыяду гісторыі рускай мовы», 1915), марфалогіі і сінтаксісе («Курс гісторыі рускай мовы», 2-е выд., 1910—11; «Нарыс сучаснай рускай літаратурнай мовы», 1913; «Сінтаксіс рускай мовы», выд. 1925—27), дыялекталогіі, лексікаграфіі, гісторыі і сучаснай рус. мове, гісторыі ўсх. славян, стараж.-рус. л-ры, укр. і бел. мовах. Выдаў тэксты бел.-літ. летапісаў і хронік у серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» (т. 17, 1907, з С.Л.Пташыцкім). Вял. ўвагу аддаваў Супрасльскаму спісу Беларуска-літоўскага летапісу 1446, зрабіў выснову пра яго рус. крыніцы. Запісваў фальклор у Барысаўскім пав. У 1914—15 чытаў у Петраградскім ун-це курс «Беларуская мова ў сучасных яе гаворках», дапамагаў Б.Тарашкевічу ў стварэнні «Беларускай граматыкі для школ». Перапісваўся з дзеячамі бел. навукі і культуры У.Дабравольскім, М.Доўнар-Запольскім, Я.Дылам, Я.Карскім, Е.Раманавым, П.Шэйнам і інш.
Тв.:
Разыскания о русских летописях. М., 2001.
Літ.:
Макаров В.И. А.А.Шахматов. М., 1981;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1. Мн., 1976;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981. С. 323—326;
Чамярыцкі В.А. Гістарыяграфія беларуска-літоўскага летапісання (дасавецкі перыяд) // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДВІ́ГА (15.2.1374, г. Буда, Венгрыя — 17.7.1399),
каралева Польшчы [1384—99), жонка караля Польшчы і вял. князя ВКЛЯгайлы. Малодшая дачка караля Венгрыі і Польшчы Людвіка I. У 1378 заручана з Вільгельмам Габсбургам, сынам аўстр.кн. Леапольда Ш, і выехала ў Вену. Пасля смерці старэйшай сястры Кацярыны (1379) адклікана назад для падрыхтоўкі заняцця венгерскага трона. Аднак пасля смерці Людвіка I у 1382 польскія паны дамагліся, каб Я. атрымала польскі трон (Людвік завяшчаў яго дачцэ Ганне), і 15 або 16.10.1384 яна каранавалася ў Кракаве. Польскія паны вырашылі скасаваць мяркуемы шлюб з Вільгельмам, каб забяспечыць незалежнасць Польшчы ад Габсбургаў, і арганізаваць яе шлюб з вял. князем ВКЛ Ягайлам, што, як меркавалася, прывядзе да ўключэння ВКЛ у склад Польскага каралеўства і хрышчэння язычніцкай Літвы. У выніку заключана Крэўская унія 1385. 18.2.1386 у Кракаве адбыўся шлюб Я. з Ягайлам. Я. атрымала ад яго ў якасці вена Магілёўскую і інш. воласці на Беларусі, Куяўскую і Рускую (Львоўскую) землі. Аказала значную дапамогу ў хрышчэнні Літвы. У 1397 заснавала пры Пражскім ун-це бурсу для літ. клірыкаў. Для падрыхтоўкі царкоўнай уніі паміж правасл. і каталіцкай цэрквамі заснавала разам з Ягайлам у Кракаве кляштар славян-бенедыкцінцаў з Прагі, садзейнічала ўмацаванню пазіцый Кіпрыяна як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі і падтрымлівала яго захады па заключэнні уніі. Завяшчала значныя сродкі на аднаўленне Кракаўскага ун-та. Садзейнічала далучэнню ў 1387 да Польшчы Галіцкай зямлі, занятай венграмі. Выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту з Тэўтонскім ордэнам, вяла перагаворы пра вяртанне Польшчы Добжынскай зямлі, што, аднак, не было ажыццёўлена, бо Я. ў хуткім часе памерла. Адразу пасля смерці Я. пачала шанавацца як святая, афіцыйна кананізавана ў 1997.
Літ.:
Rydel L. Królowa Jadwiga. Warszawa, 1984: Kluz W. Jadwiga królowa Polski. Warszawa, 1987;
Wyrozumski J. Królowa Jadwiga: Między epoką piastowską i jagiellońską. Kraków. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),
краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст.н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж. рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл.Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл.Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл.Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак. — крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп.калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.
У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.
Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд.ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл.Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл.Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.
Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт.літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст.маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст. — вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет.л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет. мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пракар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.
Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр.б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз. будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач.н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц.нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.
Музыка К. блізкая да стараж.муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (3/4, 12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст.засн.спец.муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш.Традыц.муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз.т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар.нац.муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).
Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж.хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар.т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял.камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес.т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес.тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-вадрам. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г.кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.
Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.
Літ.:
История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;
Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;
Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;
Да арт.Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.Да арт.Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.Да арт.Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.Да арт.Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.Да арт.Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.Да арт.Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.Да арт.Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.Да арт.Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.Да арт.Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.Да арт.Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.