ЯДВІ́ГА (15.2.1374, г. Буда, Венгрыя — 17.7.1399),
каралева Польшчы [1384—99), жонка караля Польшчы і вял. князя ВКЛЯгайлы. Малодшая дачка караля Венгрыі і Польшчы Людвіка I. У 1378 заручана з Вільгельмам Габсбургам, сынам аўстр.кн. Леапольда Ш, і выехала ў Вену. Пасля смерці старэйшай сястры Кацярыны (1379) адклікана назад для падрыхтоўкі заняцця венгерскага трона. Аднак пасля смерці Людвіка I у 1382 польскія паны дамагліся, каб Я. атрымала польскі трон (Людвік завяшчаў яго дачцэ Ганне), і 15 або 16.10.1384 яна каранавалася ў Кракаве. Польскія паны вырашылі скасаваць мяркуемы шлюб з Вільгельмам, каб забяспечыць незалежнасць Польшчы ад Габсбургаў, і арганізаваць яе шлюб з вял. князем ВКЛ Ягайлам, што, як меркавалася, прывядзе да ўключэння ВКЛ у склад Польскага каралеўства і хрышчэння язычніцкай Літвы. У выніку заключана Крэўская унія 1385. 18.2.1386 у Кракаве адбыўся шлюб Я. з Ягайлам. Я. атрымала ад яго ў якасці вена Магілёўскую і інш. воласці на Беларусі, Куяўскую і Рускую (Львоўскую) землі. Аказала значную дапамогу ў хрышчэнні Літвы. У 1397 заснавала пры Пражскім ун-це бурсу для літ. клірыкаў. Для падрыхтоўкі царкоўнай уніі паміж правасл. і каталіцкай цэрквамі заснавала разам з Ягайлам у Кракаве кляштар славян-бенедыкцінцаў з Прагі, садзейнічала ўмацаванню пазіцый Кіпрыяна як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі і падтрымлівала яго захады па заключэнні уніі. Завяшчала значныя сродкі на аднаўленне Кракаўскага ун-та. Садзейнічала далучэнню ў 1387 да Польшчы Галіцкай зямлі, занятай венграмі. Выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту з Тэўтонскім ордэнам, вяла перагаворы пра вяртанне Польшчы Добжынскай зямлі, што, аднак, не было ажыццёўлена, бо Я. ў хуткім часе памерла. Адразу пасля смерці Я. пачала шанавацца як святая, афіцыйна кананізавана ў 1997.
Літ.:
Rydel L. Królowa Jadwiga. Warszawa, 1984: Kluz W. Jadwiga królowa Polski. Warszawa, 1987;
Wyrozumski J. Królowa Jadwiga: Między epoką piastowską i jagiellońską. Kraków. 1997.