НОЛЬ ((Noll) Дзітэр) (н. 31.12.1927, г. Рыза, Германія),
нямецкі пісьменнік. Чл.АМ ГДР (з 1969). Скончыў Іенскі ун-т. Дэбютаваў у 1950. Прадоўжыў традыцыю ням. «рамана выхавання». Праблемы станаўлення асобы, фарміравання свядомасці, пасляваен. будаўніцтва Германіі, маральна-этычныя адносіны ў навук. асяродку ў раманах «Прыгоды Вернера Хольта» (ч. 1—2, 1960—63, экранізацыя 1965), «Кіпенберг» (1979), аповесцях і апавяданнях, нарысах і інш.Яго творам уласцівы сюжэтная шматпланавасць і разгалінаванасць, спалучэнне эпічнасці з глыбокім псіхалагізмам, насычанасць фальклорна-міфалагічнымі матывамі, маст. алюзіямі і рэмінісцэнцыямі. Нац. прэмія ГДР 1963.
Тв.:
Рус.пер. — Киппенберг. М., 1981;
Приключения Вернера Хольта. Кишинев, 1984.
Літ.:
Геердс Г.Ю. Дитер Нолль // Писатели ГДР: Пер. с нем. М., 1984;
Леонова Е.А. О некоторых формах выражения эпического в романе Дитера Нолля «Приключения Вернера Хольта» // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́САК ((Nossack) Ганс Эрых) (30.1.1901, г. Гамбург, Германія — 2.11.1977),
нямецкі пісьменнік. Скончыў Іенскі ун-т. Друкаваўся з 1945. Зазнаў уплыў Ф.Дастаеўскага, філасофіі экзістэнцыялізму, эстэтыкі экспрэсіянізму і сюррэалізму. Антыфаш. тэматыка, праблемы асобы і грамадства, раз’яднанасці людзей, прызначэння мастака, «твару» і «маскі» ў раманах «Не пазней лістапада» (1955), «Спіраль» (1956), «Справа д’Артэза» (1968), «Украдзеная мелодыя» (1972), «Шчаслівы чалавек» (1975) і інш. Аўтар зб. аповесцей і апавяд. «Інтэрв’ю са смерцю» (1948), артыкулаў і эсэ, п’ес, рэпартажаў. Яго творы адметныя вастрынёй сюжэтаў, аналітычнасцю кампазіцыі, парабалічнасцю, спалучэннем канкрэтыкі з умоўнасцю, багаццем сатыр. палітры.
Тв.:
Рус.пер. — Спираль;
Дело д’Артеза;
Рассказы и повесть. М., 1983.
Літ.:
Затонский Д. В наше время. М., 1979;
Топер П. Д’Артез наших дней: современность в романе Г.Э. Носсака // Топер П. Овладение реальностью. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВІ́ДА, Нявідава,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з воз.Вял. Белянок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БРУЧАЎ (Сяргей Уладзіміравіч) (3.2.1891, г. Іркуцк, Расія — 29.8.1965),
расійскі геолаг. Чл.-кар.АНСССР (1953). Сын У.А.Обручава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). З 1917 у Геал. камітэце, з 1929 у Якуцкай камісіі АНСССР, з 1932 ва Усесаюзным арктычным ін-це, з 1941 у Ін-це геал. навук АНСССР, з 1950 у Лабараторыі геалогіі дакембрыю АНСССР (з 1963 дырэктар). Навук. працы па геалогіі і геамарфалогіі Усх. Сібіры і ПнУ Расіі. Яго даследаванні на Сярэднесібірскім пласкагор’і (1917—24) садзейнічалі адкрыццю Тунгускага вугальнага басейна. У 1926—35 вывучаў басейны рэк Індыгірка і Калыма і выявіў іх залатаноснасць. Прапанаваў аб’яднаць горы ў паўд.ч. міжрэчча Індыгіркі і Калымы пад назвай хр. Чэрскага, распрацаваў схему тэктонікі Паўн.-Усх. Азіі, адкрыў радовішчы волава на ПнУ Расіі. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІН (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (6.9.1906, г. Смаленск, Расія — 22.12.1982),
рускі пісьменнік, перакладчык. Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Спаборніцтва» (1933). Аўтар аповесці ў вершах «Чорныя гады» (1938), паэмы «Каця-Кацярына» (1941) і інш. Смаленшчыне прысвечаны паэт.зб-кі «У той год суровы» (1943), «У мяне на Радзіме» (1946). Апавяданні і аповесці 1950—60-х г. пра цаліну, людзей смаленскіх калгасаў, заводскае жыццё. На рус. мову пераклаў кнігі вершаў П.Броўкі «Вершы» (1947) і «Дарога жыцця» (1950), раманы А.Стаховіча «Пад мірным небам» (1949, з Я.Мазальковым), У.Карпава «Вясеннія ліўні» (1963), П.Пестрака «Серадзібор» (1964). На бел. мову яго верш «Масква, Крэмль» пераклаў К.Кірэенка.
Тв.:
Баллада о красной звезде // Вянок дружбы. Мн., 1961;
Самая счастливая: Рассказы и повести. Мн., 1966;
Бел.пер. — У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст. да н.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем да маст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 да н.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 да н.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 да н.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.
Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́НІН (Іван Дзмітрыевіч) (26.11.1894, г. Севастопаль, Украіна — 30.1.1986),
расійскі палярны даследчык. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1940). Контр-адмірал (1943). Д-ргеагр.н. (1938). У 1932—35 нач. палярных станцый у бухце Ціхая на Зямлі Франца-Іосіфа і на мысе Чэлюскін. У 1937—38 нач. першай н.-д. станцыі «Паўночны полюс» на дрэйфуючай ільдзіне ў цэнтр. Арктыцы. У 1939—46 нач.Гал.паўн.-марскога шляху, у 1952—72 дырэктар Ін-та біялогіі ўнутр. вод АНСССР і адначасова (з 1951) нач. аддзела марскіх экспедыцыйных работ АНСССР. Чл. Каралеўскага геагр.т-ва Вялікабрытаніі (з 1957). Яго імем названы мыс на п-ве Таймыр, горы ў Антарктыдзе, падводная гара ў Ціхім ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ (Платон Сяргеевіч) (15.10.1846, г. Кіраваград, Украіна — 22.8.1907),
расійскі матэматык, астраном, логік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1870). У 1876—89 у Казанскім ун-це (з 1886 прыват-дацэнт). Зрабіў значны ўклад у матэм. логіку. Абагульніў і развіў вынікі даследаванняў Дж.Буля, У.Джэванса, Э.Шродэра ў галіне алгебры логікі, пабудаваў лагічную тэорыю, якая ўключае элементы камбінаванага вылічэння выказванняў і класаў. Яму належаць адно з абагульненняў класічнай тэорыі сілагізму, працы па аксіяматыцы, тэорыі лічбаў і інш. Паводле філас. поглядаў — матэрыяліст.Яго ідэі паўплывалі на праблематыку і даследаванні ў галіне традыц. і сімвалічнай логікі ў Расіі і на Захадзе.
Тв.:
О способах решения логических равенств и об обратном способе математической логики. Казань, 1884;
Из области математической логики. М., 1902;
Объединенная теория логических равенств и неравенств. Карань, 1908.