БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.
В.Ф.Вінакураў.
т. 2, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў III Крывавусты
(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),
польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у т. л. ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).
т. 2, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ Ў АТМАСФЕ́РЫ,
светлавыя з’явы, звязаныя з праходжаннем у зямной атмасферы прамянёў Сонца і інш. свяціл або штучных крыніц святла. Выкліканы пераламленнем (міражы, мігаценне зорак і інш.), рассеяннем, адбіццём, інтэрферэнцыяй і дыфракцыяй святла на малекулах паветра і слаях рознай шчыльнасці (блакітны колер неба, золак, змярканне), аэразолях — кроплях вады, крышталях лёду (гала, вянцы, вясёлка, глорыя). Назіранні за аптычнымі з’явамі ў атмасферы вядуцца на метэастанцыях. Па гэтых з’явах можна меркаваць аб стане некаторых слаёў атмасферы і выкарыстоўваць іх як мясцовыя прыкметы надвор’я.
М.А.Гольберг.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
міжгорная раўніна на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, паміж Пірэнеямі, Іберыйскімі і Каталонскімі гарамі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 120 км. Паверхня — узгорыстая раўніна выш. да 250 м, паблізу гор да 500—700 м. З ПнЗ на ПдУ па Аравійскай раўніне цячэ р. Эбра. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 24 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Пераважае сухі стэп (расліннасць тыпу гарыга), месцамі паўпустыня. Даліна р. Эбра шчыльна заселена. На Аравійскай раўніне — г. Сарагоса.
т. 1, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,
паветраныя масы, якія фарміруюцца над Арктыкай. Характарызуюцца нізкімі т-рамі (да -55 ... -60 °C), малой колькасцю вільгаці і значнай празрыстасцю. Пранікае далёка на Пд (да Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’я і паўд. раёнаў ЗША) і прыносіць рэзкія пахаладанні ў любую пару года. Адрозніваюць марское арктычнае паветра, што ў Еўропу прыходзіць праз незамярзаючыя Нарвежскае і ч. Баранцава м., і кантынентальнае, якое праходзіць над Карскім і ўсх. ч. Баранцавага мора. Арктычнае паветра ў атмасферы над Беларуссю бывае ў сярэднім 40—70 сут за год, з ім звязаны веснавыя і асеннія замаразкі.
т. 1, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАРО́Ў,
вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.
Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАШМА́К»
(ням. «Bundschun»),
тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш. Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.
т. 2, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (працякае праз возера), за 12 км на ПнУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м. Пл. вадазбору 17,2 км².
Катлавіна злёгку выцягнутая з Пн на Пд, схілы пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на ПдУ абразійныя. Пойма забалочаная. Дно сподкападобнае, сапрапелістае, уздоўж берагоў вузкая паласа глею і пяску. Амаль трэць плошчы возера занята расліннасцю (паласа шыр. 10—175 м да глыб. 1 м).
т. 2, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 14 км на ПдУ ад г. Бяроза, каля г. Белаазерск. Пл. 5,06 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,9 м. Пл. вадазбору 43 км².
Катлавіна круглаватая, выцягнутая з ПнЗ на ПнУ; схілы спадзістыя, пясчаныя, месцамі пад лесам; берагі забалочаныя. Дно плоскае, глеістае. Зарастае. Уздоўж берагоў палосы трыснягу, чароту, рдзестаў. Упадаюць 4 канавы, сцёк праз канаву ў Ясельду. Выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Бярозаўскай ДРЭС і эксперым. база па развядзенні крэветак. Уваходзіць у зону адпачынку Белаазерскае.
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).
т. 2, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)