ЖАМЧУ́ЖНЫ,

пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.

Пасёлак Жамчужны. Фрагмент забудовы.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)