род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, на Пд Еўропы, у Азіі, Афрыцы і на ЗПаўн. Амерыкі ў стэпах, пустынях і паўпустынях, часта на засоленых глебах. На Беларусі 3 віды П.: венікавы (K. scoparia), Сіверса (K. sieversiana), шарсцістакветны (K. laniflora). Трапляюцца на пустках, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У культуры вырошчваецца разнавіднасць K. scoparia var. trichophylla, летні кіпарыс, з дробным лісцем.
Аднагадовыя травы ці паўхмызнякі. Сцёблы галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, вузкаланцэтнае. пераважна апушанае. Кветкі дробныя, сабраныя ў суквецце-клубочак. Плод — арэх. Кармавыя, тэхн., дэкар.лек., харч. расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫў медыцыне,
хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць у сваіх малекулах радыеактыўныя нукліды. Уласцівасці Р.п. вызначаюцца ўтрыманнем у іх радыенуклідаў, здольнасцю самаадвольна распадацца з выпусканнем іанізавальнага выпрамянення. Радыенукліды выпраменьваюць у вызначаным спектры, абумоўліваюць мінім. прамянёвую нагрузку, адлюстроўваюць стан органа, што даследуецца. Р.п. выбіраюць з улікам іх фармакадынамічных і ядзерна-фіз. уласцівасцей. Фармакадынаміку прэпарата вызначае хім. злучэнне, на аснове якога ён сінтэзаваны. Магчымасці рэгістрацыі радыеактыўнасці рэчыва залежаць ад тыпу распаду радыенукліда. У мед. радыялогіі і анкалогіі Р.п. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, найб.часта — Р.п. тэхнецый 99mTc-альбумін, 99mTc-мечаныя эрытрацыты, 99mTc-калоід (тэхніфіт), ксенон 133Xe, самарый, 18Sm-самарын-оксабіфор і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПРЫЁМНІК,
прылада для вылучэння, пераўтварэння і выкарыстання энергіі радыёхваль. Адрозніваюць Р. прамога ўзмацнення і супергетэрадзінныя радыёпрыёмнікі; радыёвяшчальныя і прафесійныя, пераносныя і стацыянарныя.
Радыёвяшчальныя Р. служаць для прыёму моўных, муз. і тэлевіз. праграм; прафесійныя — для работы на лініях радыёсувязі (сувязныя Р.), спец. сістэмах радыёкіравання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, радыётэлеметрыі і інш.Асн. элементы і вузлы Р. — частотна-селектыўныя эл. ланцугі (вагальныя контуры, эл. фільтры і інш.) для вылучэння сігналаў пэўнай радыёстанцыі, узмацняльнікі эл. ваганняў, дэтэктар, сродкі ўзнаўлення інфармацыі (напр., гучнагаварыцель, кінескоп); супергетэрадзінныя Р., акрамя таго, маюць пераўтваральнікі частаты і ўзмацняльнікі прамежкавай частаты. Р. часта канструктыўна аб’ядноўваюць з электрафонам (радыёла), магнітафонам (магнітола) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),
сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.
Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),
1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб.часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЕРАКРЫ́ЛЫЯ (Strepsiptera),
атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі відавы склад асобна не вывучаўся. Унутр. паразіты пчол, восаў, клапоў, цыкадак. Найб. вядомы эаксен (Eoxenos labaelbenei).
Даўж. звычайна 2—2,5 мм, у трапічных да 3 см. Уласцівы выразны палавы дымарфізм, самцы маюць зачаткавыя пярэднія (жужальцы) і вял. веерападобныя (адсюль назва) заднія крылы, добра лётаюць, з вачамі; самкі без крылаў, канечнасцей і вачэй, звычайна не пакідаюць цела гаспадара, галавагрудзі вытыркаюцца вонкі. Развіццё з поўным ускладненым ператварэннем (гіперметамарфоз) ад 2 месяцаў да года. Рассяляюцца рухомыя лічынкі 1-га ўзросту (трыунгуліны), заражаюць новых насякомых-гаспадароў, якія слабнуць і часта гінуць.
Да арт.Вееракрылыя. Эаксен: 1 — самец; 2 — самка; 3 — трыунгулін; 4 — лічынка старэйшага ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАУ́СЦЮЖСКАЕ ЧАРНЕ́ННЕ ПА СЕРАБРЫ́,
рускі мастацкі промысел. Склаўся ў 18 ст. ў г. Вялікі Усцюг (Расія). Чэрню аздаблялі сярэбраныя табакеркі, куфэркі, флаконы і інш.: у 18 ст. — багаты арнамент і займальныя сюжэтныя малюнкі, у 19 ст. — больш сухія, частадакумент. выявы гарадоў і геагр. картаў, з сярэдзіны 19 ст. — раслінны ўзор, пабудаваны на кантрастах цёмнага і светлага з суцэльным пакрыццём паверхні брошак, запінак і інш. Да пач. 20 ст. промысел заняпаў, у 1930-я г. пачалося яго адраджэнне. У 1933 засн. арцель (з 1960 ф-ка) «Паўночная чэрнь», дзе вырабы аздабляюць чэрневым малюнкам, які раўнамерна запаўняе паверхню (партсігары, лыжкі, ювелірныя і інш. вырабы).
Да арт.Велікаусцюжскае чарненне па серабры. Куфэрак. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙМІ́НА (Cardamine),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 160 відаў. Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях зямнога шара. На Беларусі на сырых і балоцістых мясцінах трапляюцца 7 дзікарослых відаў, з якіх 3 звычайныя — буйміна лугавая (C. pratensis), горкая (C. amara) і зубчастая (C. dentata) і 4 рэдкія або вельмі рэдкія — буйміна недатыка (C. impatiens), шурпатая (C. hirsuta), звілістая (C. flexuosa) і драбнакветкавая (C. parviflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або звілістым галінастым сцяблом. Лісце чаргаванае, перыстае або суцэльнае, прыкаранёвае часта ў разетцы. Кветкі белыя, ружова-белыя або ружовыя ці бледна-фіялетавыя, у верхавінкавых гронках. Плод — моцна сціснуты стручок. Лек., дэкар., харч. і меданосныя расліны; некат. віды ядавітыя для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.