РАСПУ́ЦІН Валянцін Рыгоравіч (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРакадэмічны імя Г.А.Таўстаногава.
Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.Горкага, М.Андрэевай і А.Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.Твярской (1929—34), В.Фёдараў (1934—36), А.Дзікі (1936—37), Б.Бабачкін (1938-40), Л.Руднік (1940—46), Н.Рашэўская (1946—49), І.Яфрэмаў (1950—52), К.Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.Шэкспіра, Шылера, В.Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.Маякоўскага. У 1930—40-я г.т-р ставіў творы М.Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г.уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.Абрамаў, А.Андрэеў, Г.Багачоў, А.Басілашвілі, Т.Дароніна, В.Дзягцяр, В.Іўчанка, Я.Капелян, У.Кузняцоў, Лаўроў, А.Лаўрэнцьеў, Я.Лебедзеў, П.Луспякаеў, Л.Макарава, М.Манахаў, В.Сафронаў, В.Паліцаймака, І.Смактуноўскі, У.Стржэльчык, А.Талубееў, М.Трафімаў, А.Фрэйндліх, З.Шарко, Ю.Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.Дзіцяткоўскі, Р.Казлоў, Э.Нюганен, М.Пінігін, А.Сяроў, Т.Чхеідзе, А.Шапіра і інш.
С.У.Пешын.
Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДАМІ́РСКІ (сапр. Малейка) Уладзімір Іосіфавіч
(18.10.1893, г. Каўнас, Літва — 24.1.1971),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1938). Нар.арт.СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920 у Другім паказальным т-ры (г. Бабруйск). У 1924—59. у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1944 узначальваў франтавую тэатр. брыгаду). Прафес. майстэрства сфарміравалася пад уплывам рэжысёра Е.Міровіча. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, віртуознай тэхнікі, майстар пераўвасаблення. Псіхал. дакладнасць нюансіроўкі ўнутр. стану персанажа, кантрастнасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі — адзнакі творчай індывідуальнасці У. Даў арыгінальнае сцэн. прачытанне шэрагу вобразаў бел. драматургіі. Бязлітаснасць сатыр. выкрыцця, з’едлівая іронія і гратэск уласцівы яго Брызгаліну («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Абабурку («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Канягіну («Мілы чалавек» К.Крапівы). Сілу пратэсту чалавека супраць сац. несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрываў у вобразах Леапольда Гушкі («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Данілы Дрыля і Гудовіча («Партызаны» і «З народам» К.Крапівы), Язэпа («Салавей» З.Бядулі), Блазна («Машэка» Міровіча). Вядомы як самабытны інтэрпрэтатар класічных вобразаў, пры стварэнні якіх карыстаўся героіка-рамант. фарбамі (Іонас — «Фландрыя» В.Сарду), сатыр. (Апалон Мурзавецкі, Юсаў — «Ваўкі і авечкі», «Даходнае месца» А.Астроўскага), лірыка-камед. (Шмага, Гразноў — «Без віны вінаватыя» і «Праўда добра, а шчасце лепш» Астроўскага, Трыстан — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Найб. ярка яго талент выявіўся ў ролі Івана Каламійцава («Апошнія» М.Горкага). Сац.-гіст. змест з філіграннасцю апрацоўкі знешняга аблічча раскрыўся ў ролях Івана Горлава, Часнака («Фронт», «У стэпах Украіны» А.Карнейчука), Дыбава («Міжбур’е» Дз.Курдзіна), Сінь Бін-у («Браняносец 14—69» У.Іванава). Інш. ролі: Цыганок («Гута» Р.Кобеца), Мухін («Мост» Я.Рамановіча), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.Кучара), Пугачоў («Капітанская дачка» паводле А.Пушкіна), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера). Зняўся ў бел. кінафільмах «Хто смяецца апошнім» (1954) і «Палеская легенда» (1957).
Літ.:
Няфёд У.І. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Есакоў А. Любімы артыст (У.І.Уладамірскі) // Майстры беларускай сцэны Мн., 1960;
Бур’ян Б. Водгулле гучнай славы // Полымя. 1971. № 6;
Кузняцова К. Прызванне і лёс // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.
У.І.Уладамірскі.У.Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАМЯЛЁЎ Леанід Дзмітрыевіч (н. 5.2.1923, г. Віцебск),
бел. жывапісец. Нар.маст. Беларусі (1983). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1959 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1968—74 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Тэма гераізму народа ў Вял.Айч. вайне ўвасоблена ў палотнах «Цяжкія гады» (1965), «Маё нараджэнне» (1967), «Палявы трыбунал» (1974—75), «Генерал Даватар» (1975), «3 ліпеня» (1977), «Першы дзень міру» (1981), «Люты 1942», «Светлая памяць» (абодва 1984), «Ідзе вайна народная» (1985). Шматграннасць і маштабнасць асобы выяўлены ў карцінах «1918 год. Ленін і Дзяржынскі» (1969), «Кастусь Каліноўскі» (1975), «Вяртанне. Мікола Гусоўскі», «Рэпін у Здраўнёве» (абедзве 1980), «Народны паэт Беларусі Я.Купала» (1981), «Леся Украінка» (1983). Лірыка-эпічнае гучанне вылучае цыклы палотнаў «Край мой Міншчына», «Ільны івянецкія» (абодва 1977), «Навала 22 чэрвеня 1941 года», «Ліставей», «Лета» (усе 1978). Псіхал. глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы творам пра сучаснікаў: «Настаўніца» (1969), партрэты мастакоў М.Чэпіка (1970), Г.Вашчанкі (1980), В.Цвіркі (1982), «Каця малюе» (1985), «Алена Малочка» (1990), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Святар» (2002) і інш. Выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Асенні кліч» (1975), «Вязынка» (1976), «Сосны», «Студзень у Мінску» (абодва 1977), «Крыніца», «У канцы студзеня», «Напрадвесні», «Лошыца» (усе 1978), «Вясна на Дзвіне» (1979), «Радзіма» (1981), «Зіма ў Ракаве» (1982); серыі «Новае поле» (1979—82), «Лета ў Астрашыцкім» (1994), «Як быццам у сне», «Караван», «Цёплае лета» (усе 1995), «Снежань», «Сакавік», «Майскі вечар», «Зіма ў Пінску» (усе 1996), «Беларусы ў Вене» (1998). Аўтар нацюрмортаў «Цюльпаны» (1973), «Мёд» (1974), «Пасля канцэрта» (1975), «Крэсла бацькі», «Кветкі зямлі» (абодва 1978), «Вязынка. У хаце паэта» (1982), «Учора і сёння» (1986), «Памяці 1794» (1993), «Восень» (1995), «Мой свет» (1996). Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю. Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Літ.:
Л.Д.Щемелев: Цвета времени. М., 1978, Крэпак Б.А. Леанід Шчамялёў. Мн., 1981;
Л.Дз.Шчамялёў: [Альбом]. Мн., 1997;
Леанід Шчамялёў: Нар. мастак Рэспублікі Беларусь: (Альбом). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, каравод, танок,
старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Народны тэатр.Мн., 1983. Гл. таксама арт.Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.
Літ.:
Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;
Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАЎ Павел Васілевіч (14.2.1914, в. Нізкая Вуліца Магілёўскага р-на — 6.9.1995),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1954). Нар.маст. Беларусі (1994). Канд. мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938) і Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1953). З 1938 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (у 1946—60 мастак-пастаноўшчык). З 1960 у Бел.тэатр.-маст. ін-це (да 1964 рэктар, у 1967—79 заг. кафедры). Тэатр. дэкарацыям уласцівы вобразнасць, маляўнічасць, яркасць нац. характарыстык. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Трыльбі» А.Юрасоўскага (1940), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева і «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1949), «Салавей» М.Крошнера і «Дэман» А.Рубінштэйна (1950), «Паяцы» Р.Леанкавала і «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Іаланта» П.Чайкоўскага і «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1954), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1957), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Джаконда» А.Панк’елі (1962) і інш.; у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Цудоўны скарб» П.Малярэўскага (1949), «Шчасце паэта» В.Віткі (1952), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1954). Выразнасцю каларыту, паэт. узнёсласцю і лірызмам адметныя пейзажы «Жнівень» (1953), «Хвоі» (1956), «Перад цвіценнем» (1957), «Золата бяроз» (1959), «Пачатак вясны» (1961), «Беларускі пейзаж» і «На ўскраіне Мінска» (1963), «Над возерам» і «Абуджэнне» (1969), «Азёрны край» (1970), «На Вячы» (1971), серыі «Па родным краі» і «Алтайскі цыкл» (1972), «Прыбалтыйскі цыкл», «Па замежных краінах» і «Зямля беларуская» (усе 1973), «На раўнінах Палесся» (1980) і інш. Шматгранна адлюстравана духоўнае жыццё чалавека ў тэматычных палотнах «Апошні» (1967), «Дарогай смерці», «Жніво» і «Год 1929» (усе 1977), «Вярнуўся» (1979), «У дзень Перамогі» (1982), «Вызваленне Магілёва» (1983), «Каля гары Машэкі» (1987) і інш. Аўтар манаграфіі «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» (1962), раздзела па мастацтве Беларусі для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8, 1977); адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Свае творы падараваў Магілёўскаму абласному маст. музею, якому прысвоена яго імя, перад будынкам музея — помнік М. (скульпт. В.Лятун, 1997).
Літ.:
Карнач П.А. П.В.Масленікаў. Мн., 1973;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў: [Альбом]. Мн., 1989;
Павел Масленікаў: [Альбом]. Мн., 1996.
В.П.Пракапцова.
П.В.Масленікаў.П.Масленікаў. Каля гары Машэкі. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́КАЎ Уладзімір Уладзіміравіч (24.4.1899, С.-Пецярбург — 2.7.1977),
рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр.кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т. л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл.драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.Багданава.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Собр. соч. американского периода: В 5 т.Т. 1—4. СПб., 1997;
Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;
Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;
Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.
Літ.:
Шаховская З. В поисках Набокова;
Отражения. М., 1991;
Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;
Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;
Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКТАРАЛО́ГІЯ (ад характар + ...логія),
у шырокім сэнсе — вучэнне аб характары; у вузкім сэнсе — кірунак у нямецкай псіхалогіі 19—20 ст., прадстаўнікі якога распрацоўвалі праблемы тыпалогіі і структуры асобы пад уплывам філасофіі жыцця, гештальтпсіхалогіі, глыбіннай псіхалогіі. Тэрмін «Х.» ў навуку ўвёў ням. філосаф Ю.Банзен («Нарысы па характаралогіі», т. 1—2, 1867).
Першае сістэм. апісанне характараў належыць стараж.-грэч. мысліцелю Феафрасту, які ў кожным тыпе характару вылучаў адну дамінуючую рысу, што вызначае маральнае аблічча і паводзіны чалавека. І.Кант пэўны тып характару разглядаў як спосаб адчування і паводзін на аснове цвёрдых практычных прынцыпаў, якія могуць быць высокамаральнымі або беспадстаўнымі, памылковымі. Франц. псіхолагі Б.Перэ, А.Фулье прапаноўвалі класіфікацыю характараў. заснаваную на суадносінах розуму, пачуцця і волі. Банзен і яго паслядоўнікі Л.Клагес, Э.Крэчмер (Германія), У.Шэлдан (ЗША) разглядалі характар як псіхічную канстытуцыю, якая адпавядае канстытуцыі цялеснай з яе праяўленнямі ў розных выразных рухах. Рас. псіхолаг і ўрач-псіхіятр А.Ф.Лазурскі абгрунтаваў канцэпцыю шматузроўневай арганізацыі псіхікі чалавека і распрацоўваў Х. як вучэнне аб індывід.псіхал. адрозненнях, звязаных з асаблівасцямі дзейнасці нерв. цэнтраў ва ўзаемасувязі са знешнім асяроддзем («Нарыс навукі аб характарах», 1906). З.Фрэйд разглядаў характар як сістэму імкненняў (захапленняў) індывіда, што ляжыць у аснове матываў яго паводзін. К.Г.Юнг даследаваў характары ў сувязі з накіраванасцю інтарэсаў чалавека да знешняга свету (экстраверт) ці да ўнутр. (інтраверт). Э.Фром лічыў. што чалавек застаецца часткай прыроды, але адначасова выходзіць па-за яе межы ў грамадскім жыцці, таму яго характарам уласцівысац. тыпы. Амер. псіхолаг К.Хорні вывучала характары неўратычных асоб і лічыла, што яны пераважаюць у сучасным грамадстве з-за неспрыяльнасці сац. асяроддзя. Прыхільнікі фактарных тэорый асобы (Р.Кетэл і Г.Ю.Айзенк) разглядалі рысу характару як схільнасць паводзіць сябе пэўным чынам у шырокім аспекце сітуацый, а фактар — як глыбінную базавую рысу, што ляжыць у аснове рыс павярхоўных.
Літ.:
Феофраст. Характеры: Пер. с греч. Л., 1974;
Кант И. О характере как образе мыслей // Собр. соч.М., 1966. Т. 6;
Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999;
Айзенк М. Факторные теории личности. Пятифакторная модель: Пер. с англ. // Психология: комплексный подход. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАГ,
паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл.Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.
Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл.Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.
На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб.уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.