УЛАДАМІ́РСКІ (сапр. Малейка) Уладзімір Іосіфавіч

(18.10.1893, г. Каўнас, Літва — 24.1.1971),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920 у Другім паказальным т-ры (г. Бабруйск). У 1924—59. у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1944 узначальваў франтавую тэатр. брыгаду). Прафес. майстэрства сфарміравалася пад уплывам рэжысёра Е.Міровіча. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, віртуознай тэхнікі, майстар пераўвасаблення. Псіхал. дакладнасць нюансіроўкі ўнутр. стану персанажа, кантрастнасць фарбаў, яркасць вонкавага малюнка, імправізацыйнасць з элементамі эксцэнтрыкі — адзнакі творчай індывідуальнасці У. Даў арыгінальнае сцэн. прачытанне шэрагу вобразаў бел. драматургіі. Бязлітаснасць сатыр. выкрыцця, з’едлівая іронія і гратэск уласцівы яго Брызгаліну («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Абабурку («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Канягіну («Мілы чалавек» К.​Крапівы). Сілу пратэсту чалавека супраць сац. несправядлівасці, яго духоўную веліч раскрываў у вобразах Леапольда Гушкі («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Данілы Дрыля і Гудовіча («Партызаны» і «З народам» К.​Крапівы), Язэпа («Салавей» З.​Бядулі), Блазна («Машэка» Міровіча). Вядомы як самабытны інтэрпрэтатар класічных вобразаў, пры стварэнні якіх карыстаўся героіка-рамант. фарбамі (Іонас — «Фландрыя» В.​Сарду), сатыр. (Апалон Мурзавецкі, Юсаў — «Ваўкі і авечкі», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), лірыка-камед. (Шмага, Гразноў — «Без віны вінаватыя» і «Праўда добра, а шчасце лепш» Астроўскага, Трыстан — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Найб. ярка яго талент выявіўся ў ролі Івана Каламійцава («Апошнія» М.​Горкага). Сац.-гіст. змест з філіграннасцю апрацоўкі знешняга аблічча раскрыўся ў ролях Івана Горлава, Часнака («Фронт», «У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Дыбава («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Сінь Бін-у («Браняносец 14—69» У.​Іванава). Інш. ролі: Цыганок («Гута» Р.​Кобеца), Мухін («Мост» Я.​Рамановіча), фон Кубэ («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Пугачоў («Капітанская дачка» паводле А.​Пушкіна), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера). Зняўся ў бел. кінафільмах «Хто смяецца апошнім» (1954) і «Палеская легенда» (1957).

Літ.:

Няфёд У.І. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Есакоў А. Любімы артыст (У.​І.​Уладамірскі) // Майстры беларускай сцэны Мн., 1960;

Бур’ян Б. Водгулле гучнай славы // Полымя. 1971. № 6;

Кузняцова К. Прызванне і лёс // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

У.І.Уладамірскі.
У.Уладамірскі ў ролі Леапольда Гушкі.

т. 16, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)